Сацрэалізм роднай дыктатуры. Што паказалі ў ідэалагічнай стужцы “Культурны код”

Чарговы ідэалагічны праект ад нацыяльнай кінастудыі

Чарговы ідэалагічны праект ад нацыяльнай кінастудыі / РУП "Беларусьфільм"

У пачатку верасня ў рэспубліканскі пракат трапіць фільм “Культурны код” — ідэалагічны праект, створаны на замову Мінкульта спецыяльна да новага дзяржсвята — Дня народнага адзінства. Гэтую стужку, якая расказвае пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі (сцяг, герб і гімн), прынятыя пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, зняў на студыі "Беларусьфільм" адзін з самых актыўных штатных рэжысёраў Кірыл Халецкі.

Еўрарадыё ад сваіх крыніц атрымала копію пракатнай версіі фільма, паглядзела яго і расказвае, якім ён атрымаўся і пра што ён. 

 

***

2020 стаў паваротным момантам не толькі для беларускай дзяржавы, але і для дзяржсектара кіно, увасабленнем якога быў і застаецца “Беларусьфільм”. Нацстудыя, якая і так апошнія дзесяцігоддзі няспынна прадукавала бязглузды (за рэдкім выключэннем) ідэалагічны лубок пра вайну, цяпер перайшла ў рэжым няспыннага агітацыйнага шалу.

Што ні праект — усё на патрэбу ўлады. Гістарычны баявік пра подлых палякаў і акупацыю Заходняй Беларусі? Знялі.

Сацрэалізм роднай дыктатуры. Што паказалі ў ідэалагічнай стужцы “Культурны код”
Кадр з фільма / РУП "Беларусьфильм"

Вытворчая драма пра сумленных дактароў, якія адмовіліся ад эміграцыі і засталіся ў Беларусі? Ужо ёсць. 

Тэледакументальная стужка пра дасягненні дзяржавы за апошнія трыццаць гадоў? Трымайце, распішыцеся. 

Нават аніматараў — і тых зафрахтавалі займацца прасоўваннем вайсковых мемарыяльных комплексаў, нібыта іншым чынам дзецям не данесці ідэю пра існаванне “правільных” каштоўнасцяў.

Вішанкай на гэтым прапагандысцкім торце стаў “Культурны код” — кароткаметражны фільм, разлічаны на палітычна пасіўную моладзь. У ім улады вырашылі напоўніцу прапіярыцца, расказаўшы пра дзяржаўныя сімвалы: як яны ўзніклі і што значаць. 

Такую адказную задачу даручылі Кірылу Халецкаму — выпускніку Акадэміі мастацтваў, чыя кар’ера стрэліла на хвалі звальненняў і рэпрэсій на студыі. 

Халецкі, якога ў Telegram-канале Мінкульта ласкава называюць "залаты хлопчык", зняў камедыю пра кіно пад назвай "Кіношнікі". Гэты фільм быў створаны спецыяльна для кінафестывалю "Лістапад", які арганізоўваецца "Беларусьфільмам". 

Таксама ён зрабіў тэледакументальны фільм да юбілею Беларускага саюза кінематаграфістаў і стаў прэтэндэнтам на вытворчасць будучага сумеснага беларуска-кітайскага фільма "На вякі вечныя". То-бок паспеў сябе як след зарэкамендаваць.

Сацрэалізм роднай дыктатуры. Што паказалі ў ідэалагічнай стужцы “Культурны код”
Кадр з фільма / РУП "Беларусьфильм"

Праз спецыфічнасць задачы паўнавартаснай гісторыі ў “Культурнага коду” не атрымалася. Сюжэт тут рамкавы і неабавязковы — кіраўнік курса прымушае выпускніцу Акадэміі мастацтваў Лізу (Дар’я Лазарчык) зняць тэлевізійную стужку пра дзяржаўныя сімвалы. Дапамагаць у важнай місіі дзяўчыне будзе іншы студэнт — аператар Ваня (Уладзіслаў Соладаў), які не верыць у жаночую рэжысуру і хоча здымаць сапраўднае кіно.

У працэсе працы маладзёны пойдуць апытваць мінчукоў у Траецкім прадмесці і на ўзбярэжжы Свіслачы. З’ездзяць на ідэалагічны аўтапрабег з кіраўніцтвам Дэпартамента судовых экспертыз. Наведаюць Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Паслухаюць гімн у выкананні прэзідэнцкага аркестра і трапяць на пафасны парад на Дзень Незалежнасці. 

“Культурны код” — і зместам, і візуальнай эстэтыкай — відавочна рыфмуецца з даваенным сталінскім кіно, тым жа “Цыркам” ці “Веселыми ребятами” Грыгорыя Аляксандрава. Такі сабе лакіраваны сацрэалізм, у якім героі захапляюцца веліччу і прыгажосцю радзімы, якая тым часам перажывае Вялікі тэрор і рыхтуецца да Другой сусветнай вайны.

Вядома, аўтары фільма не спяваюць оды радасці “за наша шчаслівае дзяцінства” на адрас Лукашэнкі, але вельмі блізка падышлі да гэтага краю. Беларусь іх вачыма — гэта краіна для сапраўдных патрыётаў, дзе моладзь натхняецца магчымасцямі перспектыўнай будучыні.

Сацрэалізм роднай дыктатуры. Што паказалі ў ідэалагічнай стужцы “Культурны код”
Кадр з фільма / РУП "Беларусьфильм"

Пра гэта кажуць не толькі афіцыйныя спікеры, чые імёны і пасады клапатліва падпісаныя ў тытрах. Упэўненыя ў гэтым і простыя людзі. Праўда, не да канца зразумела, сапраўдных мінакоў апытала здымачная група альбо гэта былі падрыхтаваныя актывісты. 

У імправізацыю не вельмі верыцца, бо ўсе іх суразмоўцы — ідэальныя як на падбор грамадзяне: добра ведаюць, што абазначаюць колеры на сцягу, і нават не думаюць пра эміграцыю. 

Іх падтрымліваюць галоўныя героі, якія ў адной са сцэн адмаўляюцца ад думкі зрабіць кар’еру на “магутным” маскоўскім тэлебачанні, вырашыўшы застацца ў Беларусі, “бо калі ўсе раз’едуцца, то хто тут застанецца”. 

“Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”, — транслюе праўладны месэдж Халецкі, не забываючы зрабіць аж дзве спасылкі на сваю небагатую фільмаграфію (вось гэта ганарлівасць!). 

Аўтары настойліва пераконваюць маладых гледачоў, што жыццё ў Беларусі выдатнае, нібыта ніхто не ведае пра штодзённыя арышты і палітвязняў, аблавы ГУБАЗіКа, усеагульную дзяржаўную цэнзуру, працаўладкаванне праз ідэалагічныя праверкі і "чорныя спісы" дзеячаў культуры. Пра існаванне гэтых аспектаў беларускага жыцця "Культурны код" нібыта нічога не ведае.

Сацрэалізм роднай дыктатуры. Што паказалі ў ідэалагічнай стужцы “Культурны код”
Кадр з фільма / РУП "Беларусьфильм"

Як і не засяроджваецца на такіх дробязях, як палітычная неабходнасць вяртання БССРаўскіх дзяржсімвалаў, якія змянілі ўжо прызнаныя “экстрэмісцкімі” бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. 

Ім, да слова, таксама ў фільме месца не знайшлося. Бо сучасная гісторыя Беларусі — як міннае поле. Ступіш не туды — і мокрага месца ад цябе не застанецца. 

"Культурны код" мог бы застацца чарговым ідэалагічным пустым месцам, калі б не эксперыментальны фармат аповеду, які аб'ядноўвае ігравыя элементы з дакументальнымі.

Гэта сапраўды выглядае свежа і незвычайна, калі не ведаць, што гэтую ідэю аўтары нахабна пазычылі ў пакінутага на паліцы праекта “Беларусьфільма” — стужкі “Гэта я, Мінск”

Яе стваральнікі Дзмітрый Дзядок і Андрэй Грынько зрабілі прасякнуты рамантыкай, жахам і містыкай партрэт беларускага мегаполіса, дзе кожны іскаў сябе і перабіраў уласныя ідэнтычнасці. 

Сацрэалізм роднай дыктатуры. Што паказалі ў ідэалагічнай стужцы “Культурны код”
Кадр з фільма / РУП "Беларусьфильм"

І ў ім таксама быў метасюжэт пра кіношнікаў, якія намагаюцца зняць свой фільм. Як кажуць, паспрабуйце адшукаць дзесяць адрозненняў.

У эпігонаў з “Культурнага коду” месца для рэфлексіі і адчування свабоднага паветра ў кадры няма. Ты альбо прасякаешся навязліва-пазітыўным вобразам жыцця ў Беларусі, альбо адчуваеш сябе за высокім плотам ад гэтай сацрэалістычнай антыўтопіі, у няўтульнай рэчаіснасці.

Нібы ты — той самы лішні кадр, які выразалі і кінулі ў сметніцу, што стаіць пад сталом мантажора фільма. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі