У Беларусі скончыўся яшчэ адзін суд над памерлым

У судзе / sb.by
У Беларусі скончыўся яшчэ адзін суд над памерлым. У пятніцу Вярхоўны Суд прызнаў Сымона Серафімовіча вінаватым у генацыдзе беларускага народа. У сувязі з яго смерцю прысуд пастаноўлены без прызначэння пакарання.
Гэта трэцяя крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа падчас вайны, якую разгледзелі ў судзе ў РБ. Працэс працягваўся на працягу лютага-сакавіка, у справе 30 тамоў, былі дапытаныя паўсотні сведак. Серафімовіча абвінавачваюць у датычнасці да забойства 4144 чалавек (у тым ліку 626 дзяцей). Падчас нямецкай акупацыі ён узначальваў падраздзяленне Мірскай раённай дапаможнай паліцыі (Карэліцкі раён), а з 1943-га — ўзмоцнены карны атрад дапаможнай паліцыі ў Баранавічах.
Сымон Серафімовіч памёр у 1997 годзе ў Вялікабрытаніі. Яго, дарэчы, там яшчэ пры жыцці судзілі як вайсковага злачынцу, але да канца справу не давялі з-за смерці.
Раней у Беларусі былі вынесены прысуды па справах памерлых украінцаў Уладзіміра Катрука і Канстанціна Смоўскага — за карную аперацыю ў Хатыні. Іх таксама прызналі вінаватымі, але без прызначэння пакарання. Рыхтуюцца да разгляду іншыя падобныя крымінальныя справы.
У Беларусі ў часы Аляксандра Лукашэнкі судзяць нават мёртвых нацысцкіх катаў, якія пазбеглі адказнасці. Бальшавіцкіх катаў не судзяць — камуністычныя злачынствы ў РБ не расследуюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.