У РБ будуць судзіць замежніка, які ўтрымліваў грамадзян Індыі і патрабаваў грошы

Грамадзяне Індыі едуць за мяжу ў пошуках заробку і лепшага жыцця / pixabay.com
У Мінску будуць судзіць замежніка, які ўтрымліваў дваіх грамадзян Індыі і патрабаваў ад іх сваякоў грошы за вызваленне. Мужчыне інкрымінавана выкраданне людзей і "вымагальніцтва, учыненыя групай асоб, з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў асабліва буйным памеры".
Крымінальную справу разгледзіць Мінскі гарадскі суд. Галоўнаму абвінавачанаму 31 год. Выкраданне грамадзян Індыі адбылося ў жніўні 2024 года. Як паведамляе пракуратура, яны на адной з кватэр у беларускай сталіцы "чакалі далейшага перамяшчэння праз мяжу ў краіны Еўрасаюза". Калі скончыліся прадукты харчавання, індыйцы звязаліся з мужчынам, які "курыраваў іх далейшы транзіт". Ён выклікаў таксоўку, на якой замежнікаў завезлі не на рынак, а дадому да абвінавачанага.
"Куратар" звязаў рукі і ногі індыйцам, закрыў раты майкамі, пагражаў, прыстаўляючы нож да спіны і горла. Ён імітаваў катаванні электрычным токам. І ўсё запісваў на відэа, якое пасля адправіў сваякам пацярпелых. Зламыснік патрабаваў перадаць грошы за вызваленне іншай асобе, з якой быў у змове.
Якім чынам закладнікі былі вызвалены, пракуратура не ўдакладняе. Паведамляе толькі, што "пацярпелым нанесена маральная і фізічная шкода, а таксама матэрыяльная шкода ў суме 1,4 млн індыйскіх рупій" (53,4 тысячы рублёў, гэта больш за 17 тысяч долараў).
У пачатку года стала вядомая гісторыя індыйца Маджыда Ахмада, які хацеў нелегальна перабрацца ў Германію, але апынуўся ў якасці закладніка ў беларускіх лясах. Яму ўдалося вярнуцца на радзіму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.