Грамадзянін Індыі заявіў, што яго ўзялі ў закладнікі і катавалі ў Беларусі

Маджыд Ахмад

Маджыд Ахмад / The Indian Express

У Індыі паліцыя штата Хар’яна пачала расследаванне супраць кампаніі, якая дапамагае індыйцам міграваць у іншыя краіны, перадае Радыё "Свабода". Гэта адбылося пасля скаргі індыйца Маджыда Ахмада, які адправіўся ў Германію, але апынуўся ў беларускіх лясах. Яго гісторыю расказала выданне The Indian Express.

Сямʼя Ахмада падала скаргу ў паліцыю яшчэ ў верасні 2024 года, кал ён вярнуўся з Беларусі. Аднак зарэгістравалі яе толькі 6 студзеня 2025-га, калі бацька мужчыны заявіў, што ў Беларусі яго катавалі падпаленымі цыгарэтамі.

Маджыд хацеў з'ехаць за мяжу і разам з бацькам Сардарам Ахмадам 1 жніўня 2024-га звярнуўся ў фірму, якая рэкламавала такую паслугу. Яго паабяцалі адвезці праз Расію ў Германію прыкладна за 10 тысяч долараў. Палову фірма ўзяла як перадаплату, а рэшту сказалі аплаціць пасля прыезду Маджыда ў Германію.

12 жніўня індыец прызямліўся ў Расіі і трымаў сувязь з сям'ёй да 18 жніўня, пасля чаго яго тэлефон быў адключаны. Сям'я звярнулася ў кампанію, якая займалася перапраўкай Маджыда — там запэўнілі, што ўсё ў парадку. "29 жніўня агенты злучылі мяне з Маджыдам па тэлефоне. Маджыд папрасіў нас выплаціць астатнюю суму турагентам, заявіўшы, што ён знаходзіцца ў Германіі", — расказаў бацька. Пасля гэтага сям’я заплаціла фірме рэшту грошай.

А яшчэ праз два тыдні, 12 верасня, Маджыд затэлефанаваў бацьку з незнаёмага нумару. Ён сказаў, што нейкія людзі з турагенцтваў узялі яго ў закладнікі і завезлі ў лес Беларусі. "Маджыд зазнаў напад, катаванні падпаленымі цыгарэтамі і голад. Ён расказаў нам, што раней казаў, што знаходзіцца ў Германіі, з прычыны страху. Выкрадальнікі таксама забралі 700 долараў, якія ў яго былі, і кінулі яго ў лесе. Нейкія людзі адвезлі яго ў мясцовую бальніцу", — расказаў падрабязнасці гісторыі яго бацька.

Сямʼя купіла Маджыду авіябілет дадому, куды ён вярнуўся 21 верасня 2024 году. Пасля медабследавання яны напісалі заяву ў паліцыю пра махлярства з боку фірмы, а таксама пра збіццё і катаванні Маджыда ў лесе.

У індыйскім выданні не паведамляецца, ці спрабаваў Маджыд Ахмад перайсці беларускую мяжу. Як адзначае Радыё "Свабода", за час ад прыбыцця індыйца ў Расію да моманту тэлефанавання з бальніцы беларускія памежнікі не паведамлялі пра знойдзеных на мяжы грамадзян Індыі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Рэжым Лукашэнкі не стрымлівае мігрантаў ад спробаў нелегальна перайсці мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі