Лукашэнка зноў прыгразіў Захаду хваляй мігрантаў
Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка зноў прыгразіў хваляй міграцыі "тым, хто ўводзіць супраць нас эканамічныя санкцыі". Заява прагучала ў лагойскай царкве, якую ён наведаў на свята Нараджэння Хрыстовага.
Паводле Лукашэнкі, апошнім часам вырасла міграцыя расіян, якія ўцякаюць ад вайны. "Апошні выклік, вы яго яшчэ, напэўна, не заўважылі, ну і дзякуй богу (гэта мая праца, праца ўрада, органаў улады), — гэта вымушаная міграцыя людзей. Людзі, якія ўцякаюць ад вайны. Гэта людзі розныя. Расію яна захліснула. Нас Гасподзь пашкадаваў да сёння", — перадае БЕЛТА яго словы.
Акрамя таго, заявіў Лукашэнка, расце міграцыя з Усходу. Паводле яго, гэта працоўныя мігранты, "якія хочуць жыць, працаваць, зарабляць і нейкую капейку пасылаць на радзіму, каб пракарміць сваіх дзяцей". Ён назваў гэтых мігрантаў некампетэнтнымі і "прафесійна не падрыхтаванымі". Але, маўляў, Беларусі патрэбныя працоўныя рэсурсы.
Пасля гэтага Лукашэнка паведаміў, што праз Беларусь ідзе вялікі транзітны паток на Захад. "Мы нікога ад мігрантаў абараняць не будзем. Асабліва тых, хто ўводзіць супраць нас эканамічныя санкцыі. Чаму мы іх павінны абараняць?" — заявіў ён.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краіне Еўрасаюза доўжыцца з сярэдзіны 2021 года. Беларускія памежнікі не перашкаджаюць мігрантам у спробах нелегальна перайсці мяжу, а то і наўпрост дапамагаюць. Заходнія палітыкі абвінавацілі рэжымы Лукашэнкі і Пуціна ў такой форме гібрыднай вайны як стварэнне міграцыйнага крызісу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.