Беларус спрабаваў выехаць з Украіны па падробленым пашпарце Малдовы

Пашпарт, які быў у беларуса / dpsu.gov.ua
Беларус спрабаваў выехаць з Украіны па падробленым пашпарце грамадзяніна Малдовы. Як паведамляе Дзяржаўная памежная служба Украіны, здарэнне адбылося тыдзень таму на ўкраінска-румынскай мяжы ў пункце пропуску "Дзякава".
Украінскія памежнікі падчас праверкі высветлілі, што і пашпарт, і пасведчанне кіроўцы мужчыны падробленыя. У яго рэчах знайшлі пасведчанне аб нараджэнні грамадзяніна Беларусі (выдадзенае ў 1983-м у Мінску). Пасля гэтага затрыманы прызнаўся, што ён беларус, а падроблены пашпарт грамадзяніна Малдовы і пасведчанне кіроўцы, выдадзеныя на чужое прозвішча, купіў за 2 тысячы долараў. А зрабіў гэта таму, што свае дакументы нібыта згубіў.
У дачыненні да парушальніка памежнікі склалі адміністрацыйныя пратаколы за спробу незаконнага перасячэння мяжы і парушэнне правілаў знаходжання ва Украіне. Што да падробкі дакументаў, то матэрыялы перадалі паліцыі.
Як паведамляе Радыё Свабода, на судзе беларус заявіў, што на тэрыторыю Украіны ён прыехаў законна, але раней яго ўжо затрымлівалі пры спробе незаконна перасекчы ўкраінска-польскую мяжу. Ён папрасіў суд пакінуць яго на тэрыторыі Украіны.
Высветлілася, што ў беларуса няма пашпарту, а ва Украіне ён жыў без дакументаў на права жыхарства. Яго чакае прымусовае выправаджэнне за межы ўкраінскай тэрыторыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.