Пад санкцыі Польшчы трапіў чарговы пастаўшчык беларускіх угнаенняў

"Гродна Азот"
Польшча ўвяла санкцыі супраць яшчэ адной кампаніі з Беларусі. У польскім "чорным спісе" гэта першая сёлета і шостая запар фірма, якая спрабуе гандляваць у Польшчы і ЕС падсанкцыйнымі ўгнаеннямі "Гродна Азота".
Манкцыі ўведзеныя супраць кампаніі "МетаТрэйдынгПрам", зарэгістраванай у Мінску ў красавіку 2024 года, піша выданне "Беларусы і рынак". Ужо ў жніўні 2024-га кампанія пачала вытворчасць грануляваных угнаенняў і ў кастрычніку зрабіла першую пастаўку партыі прамысловага карбаміду ў Польшчу.
Адпаведныя польскія службы зацікавіліся тым, як шпарка пачала дзейнічаць тэхналагічна складаная вытворчасць. Яны і выявілі, што "МетаТрэйдынгПрам" — гэта проста пасярэднік для "Гродна Азота", пастаўкі якога на рынак ЕС забароненыя з 2021 года.
Санкцыі адносна "МетаТрэйдынгПрам" прадугледжваюць замарожванне сродкаў і эканамічных рэсурсаў, а таксама забарону на доступ да польскага рынку, у тым ліку выключэнне з працэдуры дзяржаўных закупак.
Раней у польскі "чорны спіс" трапілі іншыя беларускія кампаніі, якія спрабавалі пастаўляць угнаенні з "Гродна Азота" — "НФТ", "Тэхнаспецтрэйдынг экспарт", "Тэхнаспецтрэйдынг", а таксама рэзідэнты ААЭ і Кіпра — World Chem Trading Co і Rostumel Holding.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.