Беларусы і Меладзэ. Пост дня ад Аляксандра Чарнухі

Выступ Меладзэ ў Варшаве
У інтэрнэце (і ў жыцці) зноў нехта нібыта памыляецца.
Гэтым разам — беларусы Варшавы, якія масава (як і ўкраінцы) пайшлі на канцэрт Валерыя Меладзэ. У сацсетках успыхнула: як можна ісці на канцэрт, па-першае, ідэалагічна сумнеўнага чалавека, а па-другое — спрэчнага з пункту гледжання культурнай вартасці? Спрэчкі не сціхаюць ужо некалькі дзён.
Музычны журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха выказаўся наконт "беларусаў і Меладзэ" ў сваім Facebook. З дазволу аўтара публікуем яго тэкст.
***
Уся мая лента і ленты маіх сяброў і сябровак заваленыя справаздачамі з канцэрта Меладзэ ў Варшаве. Радасць, захапленне, эмоцыі і адчай. Чаму адчай? Таму што другі дзень запар я яшчэ і чытаю і слухаю трагічныя маналогі пра недапушчальнасць такіх праяваў ідэалагічнай мяккацеласці. Сапраўдныя беларусы не ходзяць на Меладзэ. І на Анну Асці з Рукі Вверх яны таксама не ходзяць. І на гэты конт у мяне ёсць некалькі думак. Важных це не вельмі.
Думка першая
Калі беларусы ідуць на нешта, на ваш погляд, ідэалагічна варожае (ці ідэалагічна нейтральнае, ці ідэалагічна невызначанае) і гэтым парушаюць цэласнасць светапогляду ўмоўнага правільнага беларуса, значыць гэты светапогляд правільнага і адказнага беларуса не да канца сфармуляваны. Ці не сфармуляваны ўвогуле. Калі так, то задумайцеся, ці мусіць ён быць сфармуляваны і кім? Хто мусіць узяць на сябе адказнасць за гэтыя фармулёўкі і напісаць новы падручнік па ідэалогіі (цяпер ужо правільнай, якая б задаволіла кожнага каментатара ў фэйсбуку і кожную хатнюю гаспадыню).
Калі не прыдумалі, то на фрагментах грамадзянскай адказнасці не атрымаецца пабудаваць аргументацыю, чаму нельга хадзіць на канцэрты непажаданых артыстаў. Таму што ў кожнага папулярнага артыста ёсць свая ідэалогія, якая ў адрозненні ад вашая, несфармуляванай, працуе выдатна.
Думка другая
Калі беларусы ідуць на нешта, што не адпавядае вашай сістэме каштоўнасцей, задумайцеся: а ці ёсць гэтае самае славутае "мы". Ці, магчыма, ёсць "мы" і "яны". Але, хутчэй за ўсё, ёсць я, ты, мы, вы, ён, яна, яны. У гэтым уся прыгажосць гэтага свету і яго галоўная трагедыя.
Думка трэцяя
Калі беларусы ідуць на нешта, што не адпавядае вашай сістэме каштоўнасцей, задумайцеся, а ці ёсць у іх альтэрнатыва? Ці прапанаваў ім нехта настолькі ж зразумелы, напісаны іх мовай і іх пачуццямі матэрыял? Ці існуе ў паралельным сусвеце нехта з дзяцінства і маладосці, хто дагэтуль маша ім рукой і ўзбуджае настальгічныя рэакцыі? Калі не, то не чакайце, што людзі будуць сядзець дома і ігнараваць магчымасць апынуцца ў шчаслівым сусвеце свайго бесклапотнага мінулага. Гэта не працуе ў любой кропцы свету і фіксіцца толькі забаронамі, адменамі, гастрольнымі пасведчаннямі і іншымі цудоўнымі інструментамі сапраўднага дэмакратычнага грамадства.
Хочаце пагуляцца ў гэтую гульню? Калі ласка. Толькі пасля не здзіўляйцеся, калі праз шмат год зноў прачнецеся ў дыктатуры, ужо новай, і будзеце разгубленна лыпаць вачыма і думаць, як так атрымалася.
Думка чацвёртая
Калі не хочаце, каб нехта ішоў на канцэрты непажаданых артыстаў, стварайце сваіх зорак. Свой шоў-біз. Свае поп-артысты. Свая свецкая хроніка. Свае зоркі. Свае мудакі. Размаўляйце пра сваіх, а не пра чужых. Слухайце сваё, а не чужое. Падтрымлівайце сваіх артыстаў квіткамі. Падтрымлівайце свае медыя і блогераў грашыма. Слухайце сваё. Глядзіце сваё. Чытайце сваё. І ўсё гэта прамаўляйце ў публічнай прасторы. Хваліце. Крытыкуйце. Сварыцеся. Іншага ў нас няма і не будзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.