Што зробяць у Пішчалаўскім замку, расказалі ў "Мінскай спадчыне"

Пішчалаўскі замак у Мінску

Пішчалаўскі замак у Мінску / Planeta Belarus

У Пішчалаўскім замку на вуліцы Валадарскага ў Мінску плануецца размясціць кавярні і рэстараны, але толькі дзяржаўных структур. Пра гэта на нарадзе ў Мінгарвыканкаме 24 сакавіка расказаў дырэктар КУП "Мінская спадчына" Аляксандр Кохан, перадае карэспандэнт дзяржаўнага інфармагенцтва "Мінск-Навіны".

Раней у замку размяшчаўся следчы ізалятар — славутая "Валадарка". Аднак у красавіку 2024-га апошніх вязняў перавезлі ў новы будынак у Калядзічах і СІЗА расфармавалі.

"Гэта адзіны замак на тэрыторыі горада. Сёлета яму спаўняецца 200 гадоў. Замак да таго ж з моманту пабудовы практычна не змяніўся, і наша задача — яго захаваць", — падкрэсліў Кохан.

Чыноўнікі ўжо ўзгаднілі архітэктурна-планіровачную канцэпцыю комплекса. Там плануецца захаваць пяць будынкаў.

"На ніжніх паверхах плануем размясціць аб'екты грамадскага харчавання, аператарамі якіх выступяць дзяржаўныя прадпрыемствы. На паверхах вышэй мяркуецца размясціць адміністрацыйныя памяшканні. Акрамя таго, праект тэрыторыі комплексу прадугледжвае пляцоўку для культурна-масавых мерапрыемстваў", — удакладніў дырэктар "Мінскай спадчыны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.