Праз пацяпленне ў Беларусі можа не застацца звыклай бульбы і льну. Што?!

Бульба / unsplash
Ільну і традыцыйным гатункам бульбы будзе цяжка перажыць глабальнае пацяпленне ў Беларусі, кажа Еўрарадыё кліматолаг Уладзіслаў Шумак.
Няўжо застанёмся зусім без картоплі? Што глабальнае пацяпленне, якога баяцца ўсе, апроч Трампа, значыць для аграрыяў і вашых лецішчаў? Спыталі эксперта.
Больш шкоднікаў, а калі дождж — дык адразу трапічны лівень
— Кліматычныя ўмовы становяцца ўсё больш непрадказальнымі, але ёсць і пэўныя тэндэнцыі. Першая — павялічваецца сярэдняя тэмпература, і ў Беларусі ўжо з’явілася чацвёртая агракліматычная зона на поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей, — канстатуе наш суразмоўца.
Пакуль што галоўная праблема, з якой мы сутыкнёмся — больш працяглы перыяд спякоты і сухмені. Прычым гэтая спякота можа надыходзіць ужо ў траўні, акурат калі ў раслін самы актыўны вегетатыўны перыяд.
— Плюс змяншаецца марозны час, — дадае кліматолаг. — А праз гэта з’яўляецца ўсё больш шкоднікаў. Раней глеба прамарожваліся, і праз гэта знішчалася большасць шкоднікаў. А цяпер яны — лічынкі тых самых хрушчоў — вылазяць на паверхню.
А яшчэ ў Беларусі змянілася інтэнсіўнасць выпадзення ападкаў. Цяпер дажджы ў нас будуць нагадваць хутчэй трапічныя ліўні. То-бок адначасова будзе выпадаць вялікі аб’ём вады, які не зможа ўсмактацца ў глебу і будзе сцякаць па паверхні. А праз гэта аграрыі сутыкнуцца з эрозіяй глебы.
Адным словам, галоднымі мы дакладна не застанёмся — проста зменяцца сельгаскультуры і іх гатункі. Галоўнае — захаваць у добрым стане глебу і распрацаваць тэхналогіі дадавання вады", — кажа беларусам кліматолаг.
Раней асушальная меліярацыя была скіраваная на тое, каб ваду адвесці з тэрыторый. А цяпер сельскагаспадарчыя тэхналогіі будуць ісці ў адваротным кірунку: трэба, каб аднаўляліся і захоўваліся балоты, каб назапашвалася вада.
Суразмоўца Еўрарадыё кажа, што плаціны — не надта добрая з’ява з пункту погляду экалагічнай устойлівасці, але мы будзем вымушаныя будаваць сажалкі для збірання вады.
Аграрыям варта слухаць навукоўцаў, а не мясцовую ўладу
Каб зразумець, якім у хуткім часе можа быць клімат у Беларусі, можна было б з’ездзіць у Кіеўскую вобласць, бо кліматычныя працэсы распаўсюджваюцца з поўдня на поўнач. То-бок на Беларусь перасоўваецца кіеўскі клімат.
Пра тое, што межы кліматычных зон хутка мяняюцца, сведчыць нашэсце насякомых.
— І гэта адна з галоўных праблемаў, з якой сутыкнецца сельская гаспадарка, як расліна-, так і жывёлагадоўля: з’явяцца і новыя шкоднікі для сельгаскультур, і новыя інфекцыйныя хваробы жывёл. Беларуская аграрная навука з гэтым ужо працуе, — кажа Уладзіслаў Шумак.
Калі не сачыць за ўсімі гэтымі зменамі, проста не атрымаеш таго ўраджаю, на які разлічваеш, кажа кліматолаг.
— Сёлета пашырылі спіс раёнаў, якія аднесеныя да зоны рызыкоўнага земляробства. І адзін (але не адзіны) з фактараў — прыродна-кліматычны.
А ці можна спыніць гэтыя кліматычныя змены? Ці прыстасаванне да іх — адзінае выйсце?
— Кліматычныя змены звязаныя з дзейнасцю, якую чалавек вёў яшчэ 20-25 гадоў таму. І мы проста збіраем вынікі гэтага ўздзеяння на прыроду. Цяпер мы можам толькі адаптавацца і праводзіць праграмы па змякчэнні наступстваў, і беларуская аграрная навука добра працуе з гэтымі зменамі, напрацовак вельмі шмат.
Гэтыя навуковыя вынікі павінныя актыўней укараняцца ў практыку. Але тыя, хто можа гэта рабіць — фермеры, якіх у Беларусі вельмі мала. Буйныя гаспадаркі ў цяперашніх прававых умовах (частка акцый адкрытых акцыянерных таварыстваў належыць райвыканкамам) не здольныя хутка змяняць свае тэхналогіі. Сістэма кіравання буйнымі гаспадаркамі дырэктыўная.
Трэба больш і больш разумных людзей, якія разумеюць, што змены непазбежныя, што трэба слухаць спецыялістаў, нягледзячы на рэкамендацыі райвыканкама, і адстойваць новыя тэхналогіі.
Бо ў адрозненне ад фермераў, у аграрыяў ёсць пэўныя тэхналагічныя прыёмы, якія яны павінныя выкарыстоўваць, яны прапісаныя ў картах вырошчвання сельгаскультур. І навукоўцы павінныя змяняць гэтыя карты як мага хутчэй.
“Маё віно з 23-га года смакам не адрозніваецца ад мускату з супермаркета”
Фермерам і проста аматарам гэтыя карты не патрэбныя, яны працуюць на сваю рызыку. І эксперыментуюць. Адзін з такіх аматараў вырошчвае вінаград на паўднёвым захадзе Беларусі. Кажа, зусім не прафесіянал, але я займаюся вінаробствам ужо сем гадоў.
— Найлепшы вынік быў у 2023 годзе. Тады восень была вельмі цёплай, амаль да канца кастрычніка стаяла цяпло, і вінаград паспеў добра выспець. Утрыманне цукру ў соку склала амаль 18%. То-бок цукар можна было ўвогуле не дадаваць.
І так, вінаград у мяне расце добра. Раней без праблем прыжываўся толькі маленькі блакітны гатунак, які памылкова называюць “Ізабэлай”. Цяпер вы можаце паспрабаваць пасадзіць практычна любы неўкрыўны гатунак вінаграду.
Наогул, паняцце "беларускія ўмовы" падчас планавання вырошчвання вінаграду трохі "размытае". Вінаград — гэта не аднагадовая расліна. Асабіста я спачатку прарошчваю расаду на падваконні. Потым высаджваю ў ціхім месцы на лецішчы на “часовае пражыванне”, а праз год прышчэпліваю альбо на шпалеры, альбо на плот (хачу, каб ліяна абпляла ўвесь плот). Толькі праз пяць гадоў можна разлічваць на ўраджай, прыдатны для віна.
То-бок умовы варта разглядаць не сённяшнія, а "заўтрашнія".
Калі віно гатовае, наш суразмоўца не хавае ад гасцей, што сам яго зрабіў, і сляпых дэгустацый не ладзіць. Але дапускае, што віно ўраджаю 2023 года смакам нічым не адрозніваецца ад бутэлькі белага сухога мускату са звычайнага супермаркета.
— Але ў той год мне дасталіся ўсяго 2 літры віна, вінаград яшчэ толкам не паспеў вырасці. А летась я дадаў цукар і сухія вінныя дрожджы, і смак быў іншы, "яўна хатні".
Прагноз на лета
Калі каротка — вясной і летам надвор’е будзе вельмі пераменлівым. То-бок вы будзеце скардзіцца то на спякоту, то на холад, то на залевы, то на сухмень. Асабліва моцна на сухмень будуць скардзіцца на Гомельшчыне — там гэты перыяд можа надысці ужо ў траўні.
— Але беларусы заўсёды былі таленавітымі і працавітымі. У каго ёсць кавалачак зямлі — выжывуць. А без кавалачка зямлі будзе цяжкавата, — смяецца Уладзіслаў Шумак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.