Менавіта гэта дазваляе Лукашэнку і Пуціну зарабляць, у тым ліку на заходніх таварах, часам праз фірмы-пракладкі. Калі б узмацняліся санкцыі супраць Расіі — гэта таксама біла б па рэжыме Лукашэнкі.
Калі казаць менавіта пра лукашэнкаўскі рэжым, то тут мог бы падзейнічаць інструмент другасных санкцый. Дагэтуль застаюцца арганізацыі і кампаніі ў Кітаі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Індыі і некаторых іншых краінах, якія працягваюць гандаль з рэжымам Лукашэнкі і не нясуць за гэта ніякай адказнасці. Калі б другасныя санкцыі былі ўведзеныя ці Еўрасаюзам, у якога няма такіх інструментаў, ці ўзмоцнены з боку ЗША — гэта таксама закрыла б многія з гэтых шчылін.
Я не лічу, што той ціск, які ёсць цяпер, — дастатковы.
— У чым логіка рэжыму? Чаго дамагаецца Лукашэнка?
— Я думаю, што Лукашэнка хацеў бы падвесці Беларусь да сітуацыі “азербайджанізацыі” ці “туркменізацыі”. Гэта значыць, што ў краіне ёсць рэпрэсіі і палітычныя вязні, але гэтыя пытанні больш перад рэжымам не падымаюць.
Сёння Лукашэнка спрабуе ва ўмовах новай геапалітычнай рэчаіснасці атрымаць максімальныя саступкі, не робячы нічога ў адказ.
Пакуль з яго боку няма ніякай дэманстрацыі гатоўнасці да дыялогу.
Вярхоўны камісар па правах чалавека Фолькер Цюрк, з якім мы ўжо даўно працуем, кажа, што пасля шматлікіх спроб ён не бачыць ніякіх магчымасцяў гаварыць з лукашэнкаўскім рэжымам. ААН спрабуе змякчыць умовы ў турмах, а ім у Мінску адказваюць, што там сядзяць тэрарысты, якія знаходзяцца ў выдатных умовах.
То-бок калі рэжым не гатовы нават да мінімальнага дыялогу, нават з ААН — пра што тут казаць?.. Мы кажам камісару, маўляў, трэба спрабаваць дамагацца вызвалення палітвязняў, ён адказвае: “Дык мы спрабуем, але там — глухая сцяна”.