Латвія зрабіла Беларусі “апошняе папярэджанне”

Беларуска-латвійская мяжа / facebook.com/rs.gov.lv
Прыпыненне працы памежнага пераходу “Патэрніекі-Грыгараўшчына” дало вынікі, сказаў начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі генерал Гунціс Пуятс у эфіры латвійскага тэлеканала TV3.
“На дадзены момант сітуацыя на мяжы стабільная, прэвентыўная мера па часовым прыпыненні перасячэння мяжы дала вынікі. Учора на тэрыторыі Беларусі была заўважаная група мігрантаў, аднак службы суседняй краіны іх не прапусцілі”, — сказаў Пуятс.
Рух на памежным пераходзе "Грыгараўшчына — Патэрніекі" быў спынены з 14 гадзін 16 сакавіка. Латвійскія ўлады нават усталявалі спецыяльныя загараджальныя шчыты. Пазней стала вядома, што праз мяжу ў Латвію спрабавалі прарвацца мігранты на роварах. Аднавіць працу пункта пропуску ўдалося толькі каля 22:30. Пераход "Грыгараўшчына — Патэрніекі" з'яўляецца адзіным дзеючым на беларуска-латвійскай мяжы.
Пуятс назваў часовае закрыццё мяжы “апошнім папярэджаннем” для Беларусі. Ён не выключае, што пункт пропуску можа быць цалкам закрыты.
“Таксама не выключана, што Літва і Польшча могуць прыняць рашэнне аб закрыцці памежных пунктаў, што прывядзе да поўнай ізаляцыі Беларусі”, — сказаў чыноўнік.
З 19 сакавіка ўезд праз латвійскія памежныя пераходы з Расіяй і Беларуссю дазволены толькі легкавым аўтамабілям. Нічога не вядома пра тэрміны спынення гэтых абмежаванняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.