З серады мяжу Латвіі і Беларусі можна будзе перасякаць толькі на аўтамабілі

На латвійска-беларускай мяжы / Latvijas Televīzija
З серады, 19 сакавіка, мяжу Латвіі і Беларусі можна будзе перасякаць толькі на аўтамабілі. Пешаходаў і раварыстаў праз адзіны дзейны пункт пропуску "Патэрніекі" (з беларускага боку — "Грыгароўшчына") не прапусцяць. Адпаведнае рашэнне 18 сакавіка прыняў урад Латвіі (яно анансавалася). Абмежаванні ўведзеныя "у мэтах узмацнення сістэмы бяспекі межаў і спрашчэння памежнага кантролю", піша lsm.lv.
Чакалася, што абмежаванні ўвядуць на паўгода. Аднак яны ўведзены "на нявызначаны тэрмін".
Згаданыя абмежаванні ўведзены і ў двух пунктах пропуску на латвійска-расійскай мяжы.
"Адна з галоўных прычын — рызыкі гібрыдных пагроз і міграцыйнага крызісу, які працягваецца ў выніку стратэгій, што рэалізуюцца Расіяй і Беларуссю для арганізацыі міграцыйных патокаў, якія наносяць шкоду краінам ЕС", — заявіла прэс-служба ўраду Латвіі.
16 сакавіка каля 14-й гадзіны быў часова спынены рух на памежным пераходзе "Грыгароўшчына — Патэрнікі". Латвійскія ўлады нават паставілі спецыяльныя загараджальныя шчыты. Пазней стала вядома, што праз мяжу ў Латвію спрабавалі прарвацца мігранты на роварах. Аднавіць працу пункта пропуску здолелі толькі позна ўвечары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.