Міны на беларуска-польскай мяжы — наколькі гэта небяспечна для цывільных?

Беларуска-польская мяжа / strazgraniczna.pl
Польшча хоча ўсталяваць супрацьпяхотныя міны на мяжы з Беларуссю і Расіяй, заявіў намеснік міністра абароны Польшчы Павел Бэйда.
Беларускі сапёр, які ваяваў ва Украіне, перакананы, што міны будуць усталяваныя "ў кіравальным варыянце". То-бок да надыходу небяспечнай сітуацыі, у якой трэба будзе гэтыя міны задзейнічаць, яны будуць стаяць няўзведзенымі. У баявую гатоўнасць іх можна прывесці дыстанцыйна. Гэта ў тым ліку дапамагло б абараніць жывёл, якія жывуць на памежнай тэрыторыі.
"Узяць у рукі супрацьтанкавую міну магчыма, але рабіць гэта катэгарычна нельга. Па савецкіх стандартах пад пэўнай колькасцю гэтых супрацьтанкавых мін абавязкова ўсталёўвалася міна-пастка, якая працуе на расцісканне. Здымаеш з яе вагу — атрымліваеш выбух. Гэта рабілася для таго, каб праціўніку было складана размініраваць", — кажа сапёр.
Мы пытаем, ці можа хто-небудзь з цывільных проста сцягнуць міну з міннага поля.
"Ну, можна і аўтамат скрасці ў памежніка, калі ён не бачыць. Мінныя палі, безумоўна, ахоўваюцца, як і любыя будынкі пад абаронай. Але скрасці можна што хочаш", — адказвае наш суразмоўца.
Ну добра, а ва Украіне міны крадуць?
"У вясковай хаце знаходзілі трохметровыя ракеты з кінутых рускіх рэактыўных сістэм залпавага агню. Не тое каб быў сэнс гэтыя ракеты расцягваць, проста людзі ў вёсках гаспадарлівыя. Да мяне асабіста ў прыфрантавой вёсцы звярнуўся дзядуля, які прыцягнуў пад катух неразарваны рускі снарад. Рэкруты кошкамі адцягнулі снарад у поле і там узарвалі.
Але на ўсялякі выпадак заклікаю чытачоў Еўрарадыё міны не пі***ь", — просіць сапёр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.