Як сям’я добраахвотніка Верамейчыка ратуе яго ад смяротнага пакарання ў Беларусі

Васіль Верамейчык / фота з асабістага архіва Яўгеніі Верамейчык
У 2014 годзе беларус Васіль Верамейчык паабяцаў сям’і, што паедзе абараняць Украіну, калі танкі пойдуць на Кіеў. У 2022 годзе, калі танкі пайшлі на Кіеў, ён так і зрабіў. Але цяпер яму самому патрэбная дапамога Украіны.
Верамейчык знаходзіцца ў палоне — але не ў расійскім. Пасля таго як ваяваў на херсонскім, мікалаеўскім кірунках, у Севераданецку, ён сутыкнуўся з нечаканай праблемай. Былы ваяр не змог легалізавацца ні ва Украіне, ні ў Літве і прыняў адчайнае рашэнне паехаць да знаёмых у В’етнам. Але там яго затрымалі па запыце Беларусі — і выдалі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
За тое, што Верамейчык ваяваў на баку Украіны, у Беларусі яму пагражае смяротнае пакаранне.
Жонка і маці беларускага добраахвотніка просяць Украіну ўключыць яго ў абменныя спісы. А замест чалавека, які ваяваў за Украіну, прапанаваць Лукашэнку забраць палонных беларусаў, якія ваявалі на баку Расіі.
Жонка Васіля Верамейчыка Яўгенія пагутарыла з карэспандэнткай Еўрарадыё пра тое, чаму разлічвае на такі абмен і лічыць яго магчымым.
“Мы спадзяемся, што ва Украіне з’явяцца людзі, якія гатовыя нас пачуць”
На мінулым тыдні ва Украіне адзначалі дзень добраахвотніка — і полк Кастуся Каліноўскага, у складзе якога Васіль Верамейчык абараняў Украіну, атрымаў сталёвы крыж "За вашу і нашу свабоду". Гэта найвышэйшая калектыўная ўзнагарода Украіны.
Прыкладна ў той жа час у Вярхоўнай Радзе выступаў дэпутат Ігар Гузь. Ён агучыў праблему неабходнасці вызвалення беларускіх палонных:
— На жаль, ёсць хлопцы, якія ваявалі ў складзе Узброеных сіл Украіны, і зараз знаходзяцца ў палоне. Іх усіх трэба вызваліць, — сказаў Гузь дэпутатам Рады.
Апроч Верамейчыка, вядома яшчэ пра двух беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў палоне — праўда, у расійскім. Гэта Сяргей "Клешч" Дзёгцеў і Ян "Тромблі" Дзюрбейка. Яны ўнесеныя ў спісы на абмен, але ўжо больш за два гады пра іх лёс нічога невядома.
З лістапада, калі Верамейчыка затрымалі ў В’етнаме, яго жонка Яўгенія грукаецца ва ўкраінскія інстанцыі. Але на ўсе дасланыя звароты яна атрымлівала фармальныя адказы. Аднак цяпер у Яўгеніі з’явіўся аптымізм:
— Па-першае, з прыходам да ўлады ў ЗША адміністрацыі Дональда Трампа Лукашэнка дэманструе гатоўнасць ісці на кантакт са Штатамі. Прыкладам, ён дае інтэрв’ю амерыканскаму блогеру Марыё Наўфала. Відавочна, што ў адміністрацыі Трампа ён бачыць больш вартага суразмоўніка, чым у адміністрацыі Байдэна.
Другі пабрацім Верамейчыка з пазыўным Бобр кажа, што яго вельмі натхніла вытрымка Васіля. Вось які эпізод ён згадвае:
— Запомнілася карціна: былі мы ў вёсцы Лазавой, і я ўспамінаю, як мы сядзелі ў акопе падчас абстрэлу. А Васіль кудысьці хадзіў, сачыў за іншымі, а як былі прылёты, ён толькі прыгінаўся на паўгалавы. Тады апроч яго толькі Брэст трошкі прыгінаўся ад прыходаў, ды быў яшчэ ўкраінскі афіцэр, які ўвогуле не рэагаваў на іх.
Я вельмі тады натхняўся іх мужнасцю.
Дык ён жа “пагроза нацыянальнай бяспецы”!
Ва Украіне ведаюць пра ролю беларускіх добраахвотнікаў, але справа Верамейчыка ўскладняецца з тым, што яму забаранілі ўезд ва Украіну. І, каб патлумачыць украінскаму грамадству настолькі дзіўныя абставіны, спатрэбіліся і словы, і час, кажа Яўгенія Верамейчык.
Пасля экстрадыцыі Васіля ў Беларусь у сеціве абмяркоўваліся чуткі пра тое, што да яго забароны на ўезд ва Украіну спрычынілася сама вайсковая часць, у якой служыў Васіль.
Але камандзір ПКК Павел Шурмей абвяргае гэтыя чуткі. З’ехаўшы з Украіны, Верамейчык намагаўся затрымацца ў Літве, але там вырашылі, што ён “пагражае нацыянальнай бяспецы”. Магчыма, такое рашэнне прынялі праз тое, што Васіль раней служыў па кантракце ў беларускай арміі і шчыра апісаў гэта, падаючыся на ВНЖ.
Менавіта праз шэраг праблем з легалізацыяй, былы ваяр ПКК і накіраваўся ў В’етнам, дзе яго затрымалі і перадалі ў Мінск.
Яго жонка кажа прасцей — Васіля “выкралі”. Дагэтуль дакладна невядома, як сталася, што Украіна палічыла непажаданай фігурай чалавека, які абараняў яе.
— Ва ўкраінцаў гэта выклікае непаразуменне: чаму вы хочаце абмяняць гэтага чалавека, калі ў нас тут тысячы сваіх палонных? Мы думалі, што патлумачыць сітуацыю дапаможа камандаванне палка, але іх кантакты не спрацавалі. Таму мы хацелі б звярнуцца да беларускіх і ўкраінскіх праваабаронцаў, да вайсковага кіраўніцтва ЗСУ з прапановай разгледзець пытанне аб абмене Васіля.
І гэта патрэбна зрабіць, таму што праз гэты крок Украіна можа прадэманстраваць павагу і пашану да ўсяго беларускага добраахвотніцкага руху.
І гэта важнае паведамленне не толькі для беларусаў, але і для ўсяго ўкраінскага грамадства. На жаль, зараз ва Украіне значная колькасць людзей ставіцца да Беларусі, як да краіны-агрэсара. Але добраахвотнікі сваім прыкладам і сваімі жыццямі дэманструюць, што нашыя народы не чужыя адзін аднаму і нават у такіх складаных умовах беларусы падтрымліваюць Украіну, — кажа Яўгенія Верамейчык.
Лісты Васіля да жонкі праходзяць праз цэнзуру — але даходзяць, хоць шмат што ў іх і перакрэслена цэнзарам.
— Ліставанне не моцна частае, але яно ёсць. Так, у нас няма магчымасці абмяркоўваць палітычныя справы, але з гэтых лістоў мы ведаем, што ён трымаецца, — распавядае Яўгенія.
Яго блізкія спадзяюцца, што Васілю хопіць моцы пратрымацца да таго часу, калі Украіна заступіцца за яго, як ён — за яе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.