Верамейчыка прапануюць абмяняць на беларуса Ананчыка, узятага ў палон УСУ

Васіль Верамейчык

Васіль Верамейчык / Еўрарадыё

Дэлегаты фракцыі "Беларусы" (ранейшая назва "Блок Пракоп’ева — Ягорава") у Каардынацыйнай радзе (КР) прапанавалі, як развязаць сітуацыю з экс-каліноўцам Васілём Верамейчыкам, якога затрымалі і вывезлі ў Беларусь.

Яны прапанавалі паставіць на галасаванне КР пытанне пра зварот да ўладаў Украіны, каб абмяняць Верамейчыка на беларуса Дзмітрыя Ананчыка. Ён падпісаў кантракт з расійскім войскам і трапіў ва ўкраінскі палон 19 снежня 2024 года. У інтэрв’ю ўкраінскім СМІ ён прасіў, каб яго лёсам заняліся ўлады Беларусі.

“Мы лічым, што гэтыя абставіны стварылі ўнікальную магчымасць для абмену беларускімі ваеннапалоннымі. З нашага боку кандыдатам для такога абмену можа быць Васіль Верамейчык. Баявы афіцэр, які ваяваў за Украіну ў 2022-м, атрымаў раненне і дзяржаўную ўзнагароду Украіны — медаль "Україна — понад усё!" — за ўдзел у выратаванні больш за 60 украінскіх салдат з акружэння ў Мікалаеўскай вобласці ў красавіку 2022 года", — цытуе "Позірк" зварот фракцыі.

Дэпутаты нагадваюць, што Верамейчык таксама з'яўляўся сябрам Каардынацыйнай рады і "апынуўся ў руках беларускага КДБ пасля таго, як яму быў забаронены ўезд ва Украіну". У фракцыі спаждзяюцца, што пасля звароту КР кіраўніцтва Украіны "не ўпусціць магчымасць" абмяняць Верамейчыка на Ананчыка.

Верамейчык у 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Беларусі, потым пераехаў ва Украіну. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў і стварэння палка Каліноўскага служыў намеснікам камандзіра батальёна “Волат”. Быў паранены, мае ўзнагароды. Пасля заканчэння службы Верамейчык хацеў перабрацца ў Літву, але там яго прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы, бо ў 2010–2016 гадах ён служыў у беларускім войску. Экс-каліноўцу на 30 месяцаў забаранілі ўезд у ЕС. Верамейчык перабраўся ў В'етнам, а там яго затрымалі і дэпартавалі ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.