Сваякі экс-каліноўца Верамейчыка дамагаюцца яго ўключэння ў абменныя спісы

Васіль Верамейчык

Васіль Верамейчык / "Наша Ніва"

Сваякі экс-каліноўца Васіля Верамейчыка, экстрадзіраванага ў Беларусь, працуюць над тым, каб яго ўключылі ў абменныя спісы Украіны. Пра гэта рускай службе Бі-Бі-Сі расказала яго жонка Яўгенія Верамейчык.

"Важна, каб знайшлася дзяржава, якая "ўпішацца" за чалавека", — кажа Яўгенія.

Яна звяртае ўвагу на абсурднасць сітуацыі, бо Васіль Верамейчык — грамадзянін Беларусі, але цяперашняй дзяржаве ён не патрэбны. "Таму нам трэба знайсці дзяржаву", — заяўляе жанчына. Пры гэтым Яўгенія падкрэслівае, што на Літву разлічваць нельга, бо там мужчыну ўжо прызналі пагрозай нацбяспецы.

Жонка кажа, што цяпер стараецца адмяніць пастанову Украіны, якая раней забараніла экс-добраахвотніку ўезд на сваю тэрыторыю. Потым плануецца ўключыць Верамейчыка ў абменныя спісы, а далей — прасунуць уверх па гэтых спісах.

У 2020 годзе Васіль Верамейчык удзельнічаў у пратэстах у Беларусі, потым пераехаў ва Украіну. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў служыў намеснікам камандзіра батальёна "Волат" у палку Каліноўскага. Быў паранены, мае ўзнагароды. Спрабаваў асесці ў Літве, але там яго прызналі пагрозай нацбяспецы, бо ў 2010–2016 гадах Верамейчык служыў у беларускім войску. Яму забаранілі ўезд у ЕС на 30 месяцаў.

20 лістапада стала вядома, што Верамейчыка арыштавалі ў В'етнаме і экстрадавалі ў Беларусь на запыт КДБ. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.