“Ён не думаў, што цікавіць рэжым” — размова з жонкай Васіля Верамейчыка
Васіль Верамейчык
“Тыдзень таму ён даслаў апошняе паведамленне. Яно складалася з аднаго слова “дэпартацыя”, — расказала пра апошні кантакт з Васілём Верамейчыкам яго жонка Яўгенія, якая жыве ў Літве.
20 лістапада стала вядома, што былы баец палка Каліноўскага Васіль Верамейчык быў экстрадаваны ў Беларусь, дзе яму можа пагражаць пакаранне смерцю. Яго затрымалі 13 лістапада ў Ханоі, імаверна, праз правакацыю — бойку.
Пра тое, што папярэднічала затрыманню, а таксама пра самога Васіля Еўрарадыё пагутарыла з Яўгеніяй Верамейчык.
“Ён ганарыўся тым, што ён былы вайсковец, які ўзяў бок народа”
— Калі адбывалася гісторыя з Літвой і прызнаннем Васіля "пагрозай нацыянальнай бяспецы", ці разглядаліся варыянты дапамогі з іншага боку? Ці звярталіся вы па дапамогу, каб абскардзіць гэтае рашэнне?
— Мы тады нічога не абскарджвалі. Аб тым, што Літва адмовіла, Вася даведаўся ў Грузіі. Ён па прыватных справах паляцеў туды. Гэта быў травень 2023. І там ён атрымаў ліст па электроннай пошце. Я не памятаю, як там па датах — ці выходзіла, што ён мог яшчэ вярнуцца, ці ужо нельга было вярнуцца ў Літву, але гэта не прынцыпова.
Прынцыпова тое, што Вася гэтага бы не рабіў. Яго гэта моцна абразіла, і ён быў пакрыўджаны на Літву. У яго было столькі злосці, бо ён лічыў сябе героем.
Ён ганарыўся тым, што ён былы вайсковец, які ўзяў бок народа. Ён ганарыўся, што ва Украіне ўдзельнічаў у сапраўдных баях і не адседжваўся ў штабах. Карацей, не ў Васевай прыродзе — абскарджваць такія штукі.
— Ці заўважалі вы за апошнія гады, як змяняўся яго стан? Можа, было нешта трывожнае ў яго паводзінах? Ці, магчыма, ён разумеў, што за ім могуць сачыць?
— Я не скажу, што яго стан неяк адрозніваўся ад стану беларусаў у эміграцыі. Гэта эмацыйныя арэлі. Пасля таго, як Вася вярнуўся з Украіны, трывожнасць павысілася.
Яму сніліся яго забітыя паплечнікі: “Брэст”, “Тэрор”, іншыя сябры. Але ўвогуле ён нармальна мысліў, добра спаў.
— Наконт бяспекі: ці сапраўды ён не меў адчування, што нешта можа здарыцца?
— Ён не думаў, што цікавіць рэжым. Шчыра кажучы, я думаю, што ён вельмі недаацаніў гэта.
— Кажуць, што падставай для затрымання стала правакацыя. Ці заўважалі вы за ім такія паводзіны — што ён мог быць сапраўды выбуховым?
— Так, у Васі такі характар, ён халерык. Ён мог на штосьці рэагаваць, але каб Вася пайшоў біцца з кімсьці — не ведаю, што мусіла адбыцца. Гэта не ў яго прыродзе, хаця ён і вайсковец.
Заступіцца за кагосьці мог. Але мы разам 17 гадоў, і я ніколі не заўважала, каб ён з некім хадзіў біцца. Я думаю, што гэта была правакацыя.
— Можа, вы хацелі б нешта яшчэ дадаць?
— Я б проста хацела вельмі папрасіць журналістаў — не спрабуйце знайсці нешта ў асабістым жыцці Васі. Тут абсалютна чыстая палітыка.
Я магу сказаць, што Вася — гэта вельмі-вельмі сумленны беларус, які гатовы ахвяраваць жыццём за Беларусь.
Не трэба спрабаваць дастаць нейкі бруд, бо гэта на карысць Васі працаваць не будзе. Адзіную адказнасць за ўсё гэта нясе рэжым Лукашэнкі і “міграцыя” Літвы.
Спадзяюся, што яны пачнуць па-іншаму ставіцца да беларусаў.
***
Калі вы хочаце падтрымаць сям’ю Верамейчыкаў, зрабіць гэта можна тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.