Брытанскі блогер, які прасіў у Кубракова ДНЖ, пакінуў Беларусь

Уіл Эгертан

Уіл Эгертан / фота з яго інстаграма

Брытанскі блогер Уіл Эгертан (нік willeggerton) нядаўна пакінуў Беларусь. Раней ён прасіў беларускі дазвол на жыхарства ў міністру ўнутраных спраў Івана Кубракова і зладзіў флэшмоб у TikTok "Дайце хлопцу ДНЖ".

Дазволу на жыхарства Уілу не далі, але Кубракоў дазволіў яму застацца ў Беларусі да сярдзіны верасня. Нейкім цудам брытанец пражыў у Беларусі ажно да сярэдзіны снежня, заўважыла "Наша Ніва".

На развітанне ён зняў ролік з прабежкай па Мінску, які набраў у TikTok каля 455 тысяч праглядаў і больш за 41 тысячу лайкаў.

Фанаты блогера прыйшлі на сталічны аўтавакзал, каб пасадзіць яго на аўтобус да Вільні. Але памежнікі не выпусцілі Уіла — у яго не было выязной візы, па якую трэба было вяртацца ў Мінск. Праваабаронцы кажуць, што выязная віза патрэбная тым замежнікам, якія жывуць у Беларусі на падставе дазволу на жыхарства, тэрмін дзеяння якога скончыўся. Таксама выязную візу неабходна афармляць тым замежнікам, якія выязджаюць паводле пастановы аб дэпартацыі.

"Здагадайцеся, хто забыў набыць выязную візу? Але я не забыў, я нават не ведаў, што трэба, блін…" — бедаваў брытанскі блогер.

Але нават з выязной візай прыгоды блогера на мяжы не скончыліся. Літоўскія памежнікі канфіскавалі ў яго ўсю ўлюбёную беларускую згушчанку, бо з Беларусі ў Літву забаронена ўвозіць прадукты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі