Кіраўнік МЗС Беларусі заявіў, што чуе галасы з Еўропы

Максім Рыжанкоў

Максім Рыжанкоў / БЕЛТА

На фоне перамоваў РФ і ЗША палітыкі шэрагу краін Еўразвязу загаварылі пра аднаўленне стасункаў з Масквой і Мінскам. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў.

На яго думку, пазіцыя ЗША адносна Расіі паўплывала на зніжэнне крытыкі на адрас РФ і Беларусі. Рыжанкоў заявіў, што ў краінах ЕС "пачалі гучаць галасы аб аднаўленні ўзроўню адносін з Расіяй, Беларуссю, аб правядзенні нейкіх раўндаў першапачатковых перамоў па ўсталяванні базавых рэчаў", перадае ТАСС.

У заходніх краінах, паводле Рыжанкова, разумеюць, што іх эканоміка церпіць ад абмежавання гандлёва-эканамічных кантактаў з Беларуссю і Расіяй, доступу да танных і якасных расійскіх рэсурсаў. Таму, кажа лукашэнкаўскі міністр, ва ўсёй зоне ЕС адбываецца рост інфляцыі і выдаткаў хатніх гаспадарак на камунальныя паслугі. Да гэтага ён дадаў "ваенную гонку" — так ён абазначыў ваенную рэформу ЕС, распачатую перад пагрозай расійскай агрэсіі.

"І тыя палітыкі, якія на людзей абапіраюцца, выступаюць за развіццё сваіх краін, а не за інтарэсы кагосьці там, ваенна-прамысловага блока, пачынаюць гаварыць гучней і знаходзіць каналы ўзаемадзеяння з Расіяй і Беларуссю", — заявіў Рыжанкоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.