РБ і РФ крыўдзяцца на нямецкі дабрачынны фонд, які хоча прыпыніць супрацу з імі

Міністэрства замежных спраў / sb.by
Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна выступілі з "рашучым асуджэннем" намераў нямецкага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня" прыпыніць супрацоўніцтва з імі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве, якую публікуе на сваім сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі.
Крыўду ў прадстаўнікоў рэжыму выклікала тое, што кіраўніцтва фонду хоча прыпыніць сяброўства Беларусі і РФ у апякунскай радзе арганізацыі.
Мінск і Масква нагадваюць, што фонд ствараўся "ў тым ліку пры падтрымцы беларускага і расійскага бакоў". Дзейнасць арганізацыі скіраваная на падтрымку ахвяр нацызму з дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы — "перш за ўсё з Беларусі, Расіі і Украіны як найбольш пацярпелых ад фашысцкай акупацыі тэрыторый СССР".
Падставы, якімі кіруецца фонд у сваім намеры, называюць надуманымі: "Беларускія і расійскія прадстаўнікі нібыта падвяргаюць небяспецы рэалізацыю статутных мэтаў фонду, яго інтарэсы і рэпутацыю, і нават ствараюць пагрозу бяспецы асоб, якія ўдзельнічаюць у ажыццяўленні праектаў фонду".
Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна вінавацяць фонд у антыбеларускім і антырасійскім характары. Намер фонду прыпыніць супрацоўніцтва яны называюць цынічнымі і ганебнымі.
Ацэньваць уласную дзейнасць і агрэсіўную шырокамаштабную вайну супраць Украіны, развязаную рэжымам пуціна і падтрыманую Лукашэнкам, аўтары заявы не сталі.
Акрамя Беларусі, Германіі і Расіі ў апякунскую раду ўваходзяць прадстаўнікі Ізраіля, Польшчы, ЗША, Украіны, Чэхіі, а таксама Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.