У краіне працуе адзін прыватны дзіцячы садок. Навошта дзяржава закрыла астатнія?

Дзеці ў дзіцячым садку

Дзеці ў дзіцячым садку / polsha24.com

Пасля прыняцця закона аб ліцэнзаванні дашкольнай адукацыі колькасць прыватных дзіцячых садкоў у Беларусі імкліва скарацілася да літаральна аднаго — установы “Елісеевы палі”, што працуе ў аграгарадку Сеніца пад Мінскам. 

Крыжовы паход супраць “непрыстойных суб'ектаў гаспадарання” міністр адукацыі Уладзімір Іванец тлумачыць жаданнем дзяржавы ўратаваць дзяцей ад пагроз іх здароўю, а іх бацькоў — “ад зарабляння грошай на іх дзецях”.

Але ці сапраўды прыватныя дзіцячыя садкі былі дрэннымі і толькі цягнулі з беларусаў грошы? Еўрарадыё разбіралася ў сітуацыі.

 

Вучаць англійскую, смачна кормяць

Да змены заканадаўства ў Беларусі працавала 17 прыватных дзіцячых садкоў, мяркуючы з каталогу сэрвісу Relax.

Ці сапраўды якасць навучання і знаходжання дзяцей там была настолькі дрэннай, што гэтыя ўстановы былі вартыя закрыцця? Мы пашукалі водгукі ад бацькоў на прасторах байнэту на розных платформах.

Вось што пра сталічны садок-клуб “Рамонак Кідс” у ліпені 2022 года пісала карыстальніца Анастасія.

У краіне працуе адзін прыватны дзіцячы садок. Навошта дзяржава закрыла астатнія?
Інтэр'ер садка "Рамонак Кідс" / relax.by

“З пачатку наведвання садка назіраецца вялікі прагрэс у слоўнікавым запасе. З дзеткамі пастаянна вучаць нешта новае, ладзяць тэматычныя дні/тыдні, пасля чаго чуем шмат новай лексікі і назіраем новыя навыкі”.

Карыстальніца Дар’я ў лютым 2019 года ў садку “KSV” (“Кэй-Эс-Ві”) адзначала якасць навучання і харчавання свайго дзіцяці.

“Цудоўны садок! Доўга і патрабавальна шукала садок, дзе дзіця не проста “захаваюць цэлым”, а будуць развіваць, закладаць сучасныя веды і навыкі для паспяховага жыццёвага шляху. Якаснае хатняе харчаванне пад строгім кантролем і з улікам алергенаў (для нас гэта было вырашальным фактарам). За тры гады з упэўненасцю магу сказаць, што рада свайму выбару”, — сцвярджае жанчына.

У водгуках бацькоў сустракаецца і неўхваленне якасці выхавання ў дзяржаўных садках. Вось што піша ананімны мужчына ў пасце пра садок “Тата Ліс”.

“У дзяржаўны дзіцячы садок жадання аддаваць дзіця не было, бо чэргі і якасць у такіх установах пакідаюць жадаць лепшага. Дзіцячы садок знайшлі па рэкамендацыях. Хвалілі дасведчаных педагогаў і метады развіцця і выхавання дзяцей. <...> З дзецьмі пастаянна гуляюць, з імі займаюцца псіхолагі. Дзетак вучаць англійскай мове, нават вучаць гуляць у шахматы”, —- гаворыцца ў водгуку.

Пры гэтым далёка не ўсе меркаванні добрыя і пазітыўныя, сустракаецца і даволі жорсткая крытыка ўстаноў. Вось што ананімны карыстальнік у кастрычніку 2021 года напісаў пра садок-клуб “Гняздо”, які працаваў у вёсцы Валяр’янава (Мінск).

У краіне працуе адзін прыватны дзіцячы садок. Навошта дзяржава закрыла астатнія?
Дзеці ў дзіцячым садку "Тата Ліс" / Яндэкс мапы

“Кіраўніцтва зусім не зацікаўленае ў аказанні якасных паслуг. <...> Дзяцей не сустракаюць, а ўвечары выводзяць пад плот і чакаюць, каб бацькі як мага хутчэй іх забралі, незалежна ад надвор'я. Пафарбавалі гульнявую пляцоўку і не паведамілі — некалькі дзён забірала дзіця ў фарбе. Любыя просьбы кіраўніцтва проста ігнаруе. Заняткі сумныя і нецікавыя, больш пасуюць для зусім маленькіх дзяцей”, — злуецца адзін з бацькоў.

 

Не горш, чым у дзяржаўных

Меркаванне бацькоў — гэта добра, але ці адпавядае якасць адукацыі і выхавання ў прыватных садках беларускаму заканадаўству?

Тут варта разабрацца. У Беларусі дзейнічае шэраг нарматыўных актаў, якія рэгламентуюць сістэму дашкольнай адукацыі. Яны вызначаюць асноўныя патрабаванні да навучальнага працэсу, выхавання і развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту

Вось галоўныя з іх:

  • Адукацыйны стандарт дашкольнай адукацыі, зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь 4 жніўня 2022 года (пастанова № 228).
  • Вучэбная праграма дашкольнай адукацыі, прынятая ў той жа дзень пастановай № 229.
  • Тыпавы вучэбны план дашкольнай адукацыі, які быў зацверджаны ў 2019 годзе (пастанова № 139) і абноўлены ў 2022-2023 гадах.
  • Палажэнне аб установе дашкольнай адукацыі, прынятае 4 жніўня 2022 года (пастанова № 230).

Калі казаць больш дэталёва, то адукацыйны стандарт вызначае патрабаванні да арганізацыі навучальнага працэсу, яго працягласці і вынікаў развіцця дзяцей.

У краіне працуе адзін прыватны дзіцячы садок. Навошта дзяржава закрыла астатнія?
Дзеці ў дзіцячым садку / Tochka.by

Выхаваўчы працэс уключае ідэалагічнае, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне, духоўна-маральнае і эстэтычнае развіццё, фарміраванне здаровага ладу жыцця, культуру побыту і адпачынку, а таксама полікультурнае і эканамічнае выхаванне.

Паводле дзяржаўных стандартаў, да сямі гадоў дзіця павінна мець пэўны набор навыкаў і ведаў. Яно павінна ўмець пераказваць кароткія казкі і апавяданні, выразна чытаць вершы, лічыць да 20 і рашаць простыя арыфметычныя задачы, адрозніваць геаметрычныя фігуры, ведаць сезонныя змены ў прыродзе і працы людзей, а таксама асновы бяспекі і правілы паводзін у калектыве.

Установы дашкольнай адукацыі абавязаныя забяспечваць бяспеку і здароўе выхаванцаў, выконваць санітарна-эпідэміялагічныя нормы, ствараць умовы для развіцця творчага патэнцыялу дзяцей, а таксама аказваць сацыяльна-педагагічную і псіхалагічную падтрымку. Асобная ўвага надаецца дзецям з асаблівасцямі развіцця, для якіх распрацоўваюцца адаптаваныя адукацыйныя праграмы.

 

Ці ёсць розніца ў праграмах на паперы?

Калі параўнаць гэтыя патрабаванні з тымі нормамі, якія змяшчалі на сваіх сайтах закрытыя прыватныя садкі, можна зразумець, што яны фактычна цалкам супадаюць.

У якасці эксперыменту мы ўзялі праграму, змешчаную на сайце садка “Рамонак Кідс”, які ўжо закрыты.

У краіне працуе адзін прыватны дзіцячы садок. Навошта дзяржава закрыла астатнія?
Дзеці ў нацыянальных строях / Maha Bogacheva

Установа прапаноўвала сістэму ўсебаковага і гарманічнага развіцця дзіцяці “ФІТ” (фізічнае, інтэлектуальнае, творчае), якая ўключае заняткі па падрыхтоўцы да школы, ментальнай арыфметыцы, англійскай мове, лагапедычным развіцці маўлення, этыкету, а таксама спартыўныя і творчыя актыўнасці.

Сярод важных аспектаў, якія адпавядаюць дзяржаўным патрабаванням, пазначаны кваліфікаваны персанал (вопытныя і кваліфікаваныя педагогі), невялікія навучальныя групы, здароўезберагальныя ўмовы (пяціразовае збалансаванае харчаванне, спартыўныя гурткі і прагулкі на свежым паветры).

Без незалежнай ацэнкі адукацыйнай праграмы і ўмоў "Рамонка Кідс" нельга ўпэўнена сказаць, што садок цалкам адпавядае дзяржаўным стандартам. Аднак можна меркаваць, што гэты прыватны дзіцячы садок імкнуўся стварыць добрыя ўмовы для навучання і ўсебаковага развіцця дзяцей.

 

Шлях да неататалітарызму

Калі справы з адукацыяй у прыватных садках былі такія, як ва ўстанове “Рамонак Кідс”, тады навошта дзяржава іх прымусова закрывала?

Доктарка філасофскіх навук і прафесарка дэпартамента сацыяльных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяна Шчытцова лічыць, што галоўны матыў уладаў — гэта татальны кантроль.

У краіне працуе адзін прыватны дзіцячы садок. Навошта дзяржава закрыла астатнія?
Занятак па аплікацыі "Cцяг Рэспублікі Беларусь" / Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Слабодкаўская сярэдняя школа Браслаўскага раёна"

“Дзяржава імкнецца кантраляваць усе сацыяльныя інстытуты, нават дзіцячыя садкі. Прыватная ўстанова не спрыяе такому кантролю. Таму яны, як і прыватныя школы, не павінны існаваць. А калі існуюць, то толькі такія, якія цалкам падкантрольныя. Гэта, дарэчы, відавочная прыкмета, што краіна рухаецца ў кірунку неататалітарызму”, — кажа экспертка.

Тэзісы Шчытцовай падтрымлівае Святлана Мацкевіч, экспертка ў сферы адукацыі, кандыдатка педагагічных навук. На яе думку, сітуацыя з адукацыяй абвастрылася адразу пасля 2020 году.

“Тады была фактычна абвешчаная поўная ідэалагізацыя сістэмы, і гэты невялікі прыватны сегмент [дашкольнай] адукацыі ўжо не складаў значнай канкурэнцыі — ні з эканамічнага, ні з ідэалагічнага пункту гледжання. Аднак ён усё ж заставаўся сферай, дзе грамадзяне маглі выбраць альтэрнатыву дзяржаўнай сістэме для сваіх дзяцей”.

У межах палітыкі поўнай ідэалагізацыі прадугледжваецца поўны кантроль і ўлік усіх аспектаў жыцця, а значыць, альтэрнатыўныя адукацыйныя ўстановы разглядаюцца як непажаданая “зона ўцечкі”. 

“Дзяржаўная сістэма павінна быць адзінай, усе адукацыйныя ўстановы павінны быць пад яе поўным кантролем. Любая незалежная структура, няхай гэта будуць прыватныя дзіцячыя садкі ці школы, павінна быць ліквідаваная.

У краіне працуе адзін прыватны дзіцячы садок. Навошта дзяржава закрыла астатнія?
Мерапрыемства патрыятычнай накіраванасці "Ліст пра Беларусь" / Дзіцячы садок №11 Навагрудка

Вядома, некаторыя прыватныя навучальныя ўстановы ўсё ж застаюцца, але ў большасці выпадкаў яны прызначаны для “сваіх” — дзяцей высокапастаўленых чыноўнікаў і асоб, набліжаных да ўлады. У такіх установах дзейнічае партыйна-карпаратыўны прынцып, як і ў іншых сферах — напрыклад, у медыцыне. Кіраванне гэтымі ўстановамі застаецца ў руках правераных людзей, якія цалкам залежныя ад улады, на іх маюць кампрамат і яны лёгка кантралююцца.

Таму прыватныя навучальныя ўстановы выконваюць падвойную функцыю: з аднаго боку, яны ствараюць ілюзію наяўнасці альтэрнатывы, а з іншага — выкарыстоўваюцца ўладай у сваіх інтарэсах. Тут няма эканамічных прычын — толькі кантроль, кіраванне і ідэалогія”, — падкрэслівае Мацкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.