ВНУ ўводзяць электронную чаргу для абітурыентаў

Адукацыя

Адукацыя / @rubanau_collage

ВНУ Беларусі ўводзяць электронную чаргу для абітурыентаў, якія будуць паступаць у 2025 годзе, расказаў падчас прэс-канферэнцыі начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў.

Абітурыенту трэба будзе забраніраваць дату візіту ў прыёмную камісію на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ).

"Электронная чарга дазволіць папярэдне выбраць універсітэт, спецыяльнасць, час і дату пажаданай падачы дакументаў", — тлумачыў Пішчоў.

Са свайго боку ВНУ будзе бачыць, колькі чалавек хоча прыйсці падаць дакументы, і зможа скарэктаваць тэрміны працы прыёмнай камісіі, каб абітурыентам не давялося стаяць у велізарных чэргах, як летась.

Рэгіструючыся ў электроннай чарзе, абітурыент зможа выбраць тры ўніверсітэты для падачы дакументаў — ці тры спецыяльнасці ў адным універсітэце. Але падаць дакументы зможа толькі на тую спецыяльнасць, якую абраў першай у спісе прыярытэтаў.

Жывую чаргу ніхто не адмяняе — рэгістравацца ў электроннай чарзе неабавязкова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.