У Беларусі будуць выпускаць спецыялістаў па мармеладзе

Мядзведзь Падынгтан, найлепшы ў свеце эксперт па мармеладзе

Мядзведзь Падынгтан, найлепшы ў свеце эксперт па мармеладзе / unsplash

У Беларусі можна будзе вывучыцца на спецыяліста па пасціле і мармеладзе, расказала начальніца профільнага ўпраўлення Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова.

"Спецыяльнасць гучыць вельмі смачна — вытворца мармеладна-пасцілачных вырабаў. Гэта спецыяльнасць для нашага выдатнага прадпрыемства "Чырвоны харчавік", якое знаходзіцца ў Бабруйску. І, адпаведна, падрыхтоўка адкрытая там", — патлумачыла Пятрова.

З'явяцца яшчэ некалькі новых спецыяльнасцяў, на якія можна будзе вывучыцца. Адна з іх таксама ўводзіцца для таго, каб забяспечыць кадрамі канкрэтнае прадпрыемства — "Керамін".

А яшчэ беларускія ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі будуць набіраць спецыялістаў для абслугоўвання эскалатараў.

"Мы бачым, што ў нас як у метро, так і ў іншых месцах, напрыклад, у гандлёвых цэнтрах, усталяваныя эскалатары. Таму наспела патрэба масавага выпуску такіх рабочых", — кажа Пятрова.

Прыёмная кампанія на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачнецца 15 чэрвеня і скончыцца 23 жніўня. Прыёмная кампанія на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі пачнецца ў 20-х чыслах ліпеня і скончыцца ў пачатку жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.