Рэпетытарам хочуць забараніць працаваць праз Zoom і іншыя "небеларускія" рэсурсы

Рэпетытарам забароняць карыстацца "небеларускімі" праграмамі сувязі на занятках, ілюстрацыйнае фота

Рэпетытарам забароняць карыстацца "небеларускімі" праграмамі сувязі на занятках, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Рэпетытараў ды іншых самазанятых хочуць істотна абмежаваць у працы. Адпаведны законапраект падрыхтавала і вынесла на грамадскае абмеркаванне Міністэрства адукацыі.

Гаворка пра рэпетытараў, настаўнікаў-дэфектолагаў, а таксама тых, хто навучае музыцы, вакалу, танцам, выяўленчаму мастацтву, рабоце на персанальным камп'ютары, заўважыла "Зеркало". У прапанаваным законапраекце прадугледжваецца, што рэпетытарскія заняткі і паслугі настаўніка-дэфектолага павінны будуць адбывацца не ў групах, а толькі індывідуальна. Заняткі рэпетытара павінныя будуць адпавядаць праграме, якую ў адпаведны момант спажывец праходзіць у сваёй навучальнай установе.

Навучацца рабоце на персанальным камп'ютары, выяўленчаму мастацтву, музыцы, танцам, вакалу, прамоўніцкаму мастацтву можна будзе толькі паўналетнім асобам. Заняткі пры гэтым мусяць быць індывідуальныя ці ў групах да чатырох чалавек.

Асобна адзначаецца, што рэпетытарам пры дыстанцыйным навучанні будзе не дазволена карыстацца падчас навучання Zoom ды іншымі "небеларускімі" рэсурсамі, а толькі "інфармацыйнымі сеткамі, сістэмамі і рэсурсамі нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, размешчанымі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і зарэгістраванымі ў вызначаным парадку".

Калі гэты законапраект будзе прыняты і набудзе моц, яшчэ невядома. Яго грамадскае абмеркаванне працягнецца да 10 красавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.