Іванец заявіў пра нізкую паспяховасць беларусаў, якія паступаюць у заходнія ВНУ

Студэнты, ілюстрацыйнае фота

Студэнты, ілюстрацыйнае фота

Апошнімі гадамі колькасць беларускіх студэнтаў у замежных універсітэтах скарачаецца. Пра гэта ў эфіры дзяржтэлеканала СТБ з гонарам заявіў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

"Гэта вельмі сур'ёзнае зніжэнне. Не толькі гэта датычыць ВНУ Расіі, але і Польшчы, і іншых краін", — падкрэсліў чыноўнік.

Таксама ён заявіў, што абітурыенты з высокай паспяховасцю паступаюць менавіта ў беларускія ўніверсітэты: "Больш за 85% дзяцей, пераможцаў міжнародных алімпіяд, у нас вучыцца, у нашых ВНУ. А ёсць хлопцы і дзяўчаты, якія паехалі па мэтавым накіраванні ад Міністэрства прамысловасці ў Расію для таго, каб потым вярнуцца і працаваць на канкрэтным нашым прадпрыемстве".

Міністр сказаў, што яго ведамства пастаянна аналізуе паспяховасць абітурыентаў, якія выбралі заходнія ўніверсітэты. Ён агучыў вынікі гэтага аналізу: "Скажу шчыра, што частка хлопцаў і дзяўчат, якія паступаюць у Польшчу або іншыя недружалюбныя краіны, да нас бы не паступілі ні на платнае, ні на бюджэт. Таму што паступіць на медыцынскую спецыяльнасць з 33 баламі па ЦЭ па біялогіі, мы разумеем, які гэта выйдзе спецыяліст-медык. Ніякі".

Як піша "Зеркало", напрыканцы 2024 года Інстытут палітычных даследаванняў "Палітычная сфера" прааналізаваў звесткі пра колькасць студэнтаў у замежных ВНУ за апошнія 10 гадоў. Даследчыкі выявілі, што пагаршэнне адносін паміж рэжымам Лукашэнкі і Захадам не паўплывала на рост колькасці беларускіх студэнтаў за мяжой. Штогод іх колькасць павялічваецца прыкладна на 10%, а ў самой Беларусі зніжаецца на 5%. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.