У Беларусь выслалі кілера "банды Марозава", якога шукалі 20 гадоў

Сяргей Рэцкі

Сяргей Рэцкі / МУС Беларусі

У Беларусь з Казахстана экстрадзіраваны ўдзельнік банды Марозава, паведамляе прэс-служба МУС.

Віктара Рэцкага затрымалі ў казахстанскім горадзе Кастанай у жніўні 2024 года.

Як заяўляюць у МУС Беларусі, мужчына ўваходзіў у сумна вядомую банду Марозава з 1992 года і выконваў ролю штатнага кілера. Паводле звестак беларускай міліцыі, Рэцкі здзейсніў шэраг забойстваў і іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. У студзені 2005 года яго абвясцілі ў міждзяржаўны, а потым і міжнародны вышук па лініі Інтэрпала.

Паведамляецца, што ад крымінальнага пераследу Рэцкі хаваўся з падробленымі дакументамі на тэрыторыі Расіі і Казахстана.

Банда Марозава дзейнічала ў Гомелі і вобласці з канца 1980-х да 2004 года. На піку сваёй дзейнасці гэта была самая ўплывовая і буйная злачынная групоўка на тэрыторыі Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.