"Гэта перабор", — сказаў Каранік спартоўцу, які прасіў прысвоіць яму званне

Ігар Сігневіч на прыёме ва Уладзіміра Караніка / mlyn.by
Пяціразовы чэмпіён свету па гіравым спорце, майстар спорту міжнароднага класа Ігар Сігневіч, папрасіў прысвоіць яму ганаровае званне "Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь". Ён пабываў на прыёме ў віцэ-прэм'ера Уладзіміра Караніка, які наведаў Пухавіцкі раён. 45-гадовы Сігневіч спадзяваўся, што Каранік падтрымае яго хадайніцтва аб прадстаўленні да ўзнагароджання згаданым званнем.
"Званне чэмпіёна вы атрымалі, — цытуе словы Уладзіміра Караніка "Мінская праўда". — Але трэба разумець, што "заслужанага майстра спорту Рэспублікі Беларусь" прысвойваюць не толькі за спартовыя дасягненні. Гэта ганаровае званне, якое больш, чым медалі і тытулы... Але 25 вашых адміністрацыйных правапарушэнняў — гэта перабор. Тэндэнцыя гэтая захоўваецца ўжо тры гады. Вы з зайздроснай рэгулярнасцю становіцеся фігурантам адміністрацыйнага працэсу".
Віцэ-прэм'ер нагадаў, што згаданае званне прысвойвае Аляксандр Лукашэнка. "Як мы патлумачым вашы 25 парушэнняў?" — спытаў ён. Сігневіч паабяцаў выправіцца.
"Нешта зрабіце з вашымі парушэннямі. І тады мы зможам ужо вярнуцца да гэтага пытання і разумець, што чалавек ўсведамляе наступствы сваіх дзеянняў і можа асабістым прыкладам паказаць, што і ў дарослым узросце людзі мяняюцца ў лепшы бок", — падвёў вынік размовы Каранік.
Якія менавіта адміністрацыйныя правапарушэнні ў Ігара Сігневіча, выданне не ўдакладняе. Ён, відаць, спадзяваўся, што яму залічыцца яго подпіс у 2020-м пад лістом спартоўцаў у падтрымку рэжыму Лукашэнкі. Але памыліўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.