Вы ўваходзіце ў суперсакрэтны чат. Як журналіст апынуўся ў чаце чыноўнікаў ЗША

Signal-gate

Signal-gate / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Галоўны рэдактар амерыканскага выдання Atlantic Джэфры Голдберг выпадкова трапіў у чат, у якім акрамя яго былі толькі высокапастаўленыя чыноўнікі ЗША. У гэты чат яго запрасіў дарадца Трампа па нацыянальнай бяспецы Майкл Уолц.

За апошнія некалькі дзён Дональд Трамп абазваў журналіста няўдачнікам і гідкім тыпам. Які ўрок мы выносім з гэтай гісторыі? Здаецца, вашы сакрэтныя чацікі з сябрамі абароненыя лепш, чым чат адказных за нацыянальную бяспеку ЗША.

У інтэрв'ю з ВВС Голдберг расказаў, як гэта наогул стала магчымым. Пераказваем гэтую дзіўную (і трошкі смешную) гісторыю.

 

"Вы ўваходзіце ў чат "Малая група хусітаў-кансерватараў"

Усё пачалося, калі Голдбэрг атрымаў паведамленне ў месенджар Signal ад акаўнта пад імем Уолц (прозвішча дарадцы ў нацыянальнай бяспецы ЗША). Як любы здаровы чалавек, ён палічыў гэта розыгрышам.

"Мне б хацелася, каб тут было нешта ад Ле Кара", — гаварылася ў паведамленні.

Джон Ле Кар — вядомы брытанскі раманіст, які праславіўся шпіёнскімі гісторыямі.

Праз два дні Голдберга ўключылі ў закрытую групу ў "Сігнале". Чат называўся "Малая група хусітаў-кансерватараў".

"І наступнае, што я памятаю, — я ўваходжу ў гэты вельмі дзіўны чат з кіраўніцтвам Нацыянальнай бяспекі Злучаных Штатаў", — кажа Голдберг.

Апынуўшыся ў чаце, журналіст назіраў, як чальцы Кабінета міністраў у тым ліку дзяржсакратар ЗША Марк Рубіа, міністр абароны Піт Хегсэт, дырэктар ЦРУ Джон Рэткліф і дырэктарка Нацыянальнай выведкі Талсі Габард — абмяркоўвалі дэталі будучай вайсковай аперацыі ў Емене. І не звярталі ніякай увагі на журналіста.

Вы входите в суперсекретный чат. Как журналист оказался в чате чиновников США
Скрыншот перапіскі, у якой міністр абароны расказвае пра планы атакі хусітаў / The Atlantic

Хегсэт зноў заявіў, што гэта відавочна не "ваенныя планы" і нішто з гэтага не было сакрэтнай інфармацыяй.

"Калі Піт Хегсэт, міністр абароны, піша мне паведамленне пра атаку на Емен, якая рыхтуецца, паведамляючы, якія самалёты будуць выкарыстаныя, якая зброя будзе выкарыстаная і калі ўпадуць бомбы, <...> гэта здаецца мне канфідэнцыйнай інфармацыяй, інфармацыяй аб вайсковым планаванні", — кажа журналіст.

Прынамсі 53 чалавекі загінулі ў выніку першай хвалі авіяўдараў ЗША па цэлях хусітаў у Емене. Амерыканцы збамбавалі каля 30 мэтаў, у тым ліку навучальныя цэнтры, інфраструктуру беспілотнікаў, а таксама аб'екты па вытворчасці і захоўванні зброі і цэнтры камандавання і кіравання.

Пасля таго як у чаце з'явілася справаздача пра бамбаванне адной з мэтаў, паміж чыноўнікамі адбылася перапіска наступнага зместу:

Вы входите в суперсекретный чат. Как журналист оказался в чате чиновников США
Скрыншот перапіскі / The Atlantic

Да моманту публікацыі гэтага тэксту Голдберг ужо выйшаў з чата.

 

Голдберг vs Трамп

Трамп падтрымаў міністра, сказаўшы, што той "робіць выдатную працу", і назваў Голдберга брыдкім тыпам. Прэзідэнт ЗША не ў першы раз атакуе рэдактара Atlantic.

Упершыню Голдберг зрабіўся аб'ектам гневу амерыканскага прэзідэнта ў 2020 годзе. Тады Atlantic апублікаваў артыкул, у якім высокапастаўленыя ваенныя чыны казалі, што загінулых амерыканскіх салдат Трамп называў няўдачнікамі. Сам Трамп і яго адміністрацыя гэта адмаўляюць.

Якія высновы Трамп зрабіў з новага скандалу? Ён загадаў... праверыць Signal. Выказаўшы здагадку, што той можа быць "дэфектнай сістэмай".

"Думаю, нам варта ў гэтым разабрацца. Нам трэба будзе гэта высветліць", — напісаў ён у сацсетках.

Але амерыканская палітыка большая, чым адзін толькі Трамп. Кангрэс патрабуе правесці расследаванне таго, што здарылася. Прычым патрабуюць гэтага і дэмакраты, і рэспубліканцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.