Трамп уводзіць пошліны ў 25% на імпарт аўтамабіляў

Дональд Трамп

Дональд Трамп / Reuters

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што ўводзіць пошліны ў памеры 25% на ўвесь імпарт аўтамабіляў і камплектуючых. Гэта новы этап у гандлёвай вайне, якую амерыканскі прэзідэнт вядзе супраць усяго свету.

Трамп заявіў, што згодна з яго ўказам новыя пошліны на аўтамабілі набудуць моц у наступную сераду, 2 красавіка. Спаганяць іх пачнуць з 3 красавіка. Пошліны на камплектуючыя прэзідэнт ЗША паабяцаў увесці з траўня ці пазней, перадае Бі-Бі-Сі.

Паводле Трампа, увядзенне такіх пошлінаў выкліча "грандыёзны рост" амерыканскай аўтамабільнай прамысловасці, падштурхне інвестыцыі ў яе і дапаможа стварыць новыя працоўныя месцы.

Многія аналітыкі мяркуюць, што ў выніку такога кроку можа спыніцца частка вытворчасці аўтамабіляў у ЗША, вырастуць кошты і пагоршацца адносіны з саюзнікамі Злучаных Штатаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.