Вэнс прыехаў у Грэнландыю і агітаваў востраў разарваць сувязі з Даніяй

Джэй Дзі Вэнс, віцэ-прэзідэнт ЗША / Reuters
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс прыляцеў у Грэнландыю, каб агітаваць жыхароў выспы разарваць сувязі з Даніяй, піша ВВС.
Больш за 300 гадоў Данія валодала Грэнландыяй. Але Вэнс сцвярджае, што краіна не ўклала дастаткова сродкаў у абарону сваёй паўаўтаномнай тэрыторыі. Паводле яго слоў, Данія пакінула Грэнландыю ўразлівай для магчымых уварванняў з боку Кітая і Расіі.
Гэты візіт адбыўся неўзабаве пасля заяў Дональда Трампа адносна Грэнландыі. Амерыканскі прэзідэнт адмовіўся выключыць магчымасць сілавога захопу тэрыторыі. Вэнс жа паспрабаваў запэўніць народ Грэнландыі, што ЗША не будуць выкарыстоўваць ваенную сілу, каб адабраць выспу ў Даніі.
"Мы спадзяемся, што яны абяруць партнёрства з Злучанымі Штатамі, таму што мы адзіная краіна на Зямлі, якая будзе паважаць іх суверэнітэт і бяспеку, — сказаў Вэнс. — Іх бяспека шмат у чым з'яўляецца нашай бяспекай".
Што думаюць пра гэты візіт у Грэнландыі і вакол яе
У студзені ў Грэнландыі прайшло апытанне, якое паказала, што пераважная большасць насельніцтва выступае супраць ідэі анексіі. Прэм’ер-міністр Грэнландыі напярэдадні візіту Вэнса заявіў, што гэтая паездка прадэманструе "адсутнасць павагі".
Кароль Даніі Фрэдэрык таксама рэзка негатыўна адрэагаваў на гэты візіт:
"Мы жывём у змененай рэальнасці. Не павінна быць ніякіх сумневаў у тым, што мая любоў да Грэнландыі і мая сувязь з народам Грэнландыі застаюцца нязменнымі", — напісаў кароль у сацсетках.
З 2009 года Грэнландыя мае права правесці рэферэндум аб незалежнасці. Выспа самастойна кіруе сваімі ўнутранымі справамі, але рашэнні па знешняй і абароннай палітыцы прымаюцца ў Капенгагене. Пяць з шасці асноўных партый, што ўдзельнічалі ў нядаўніх выбарах, выступаюць за незалежнасць ад Даніі.
"Мы баімся, што нас зноў каланізуюць. Мы былі калоніяй Даніі апошнія 300 гадоў і дагэтуль адчуваем сябе так. Цяпер намі зацікавіўся іншы каланізатар", — сказаў грэнландскі палітык Купанук Олсен, які выступае за незалежнасць выспы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.