Будынак "Польскай Мацежы школьнай" у Гродне хочуць аддаць консульству РФ — СМІ

Будынак польскай меншасці ў Гродне можа стаць расійскім консульствам

Будынак польскай меншасці ў Гродне можа стаць расійскім консульствам / wb24.org

Расійскае консульства ў Гродне можа размясціцца ў будынку на Гараднічанскай, 40. Раней тут была "Польска Мацеж школьна" і грамадскі ліцэй імя Элізы Ажэшкі. Пра гэта піша Wirtualna Białoruś са спасылкай на свае крыніцы.

Выданне публікуе здымак будынка, на якім можна пабачыць элементы інфраструктуры, характэрныя для консульства: будку аховы на ўваходзе, плот і сістэму відэаназірання.

"Польска Мацеж школьна" працавала з 1995 года. Гэта была адна з найстарэйшых польскіх арганізацый Беларусі і адна з найбуйнейшых польскіх грамадскіх школ у свеце. Пры ёй быў грамадскі ліцэй для вывучэння польскай мовы, гісторыі і культуры. Колькасць вучняў даходзіла да 2100 чалавек у год.

Акрамя таго пры "Мацежы" працавала бібліятэка, універсітэт трэцяга ўзросту для пажылых людзей, клуб жанчын "Гараднянка" ды іншыя ініцыятывы. Арганізацыя ладзіла метадычныя канферэнцыі для настаўнікаў школ і дзіцячых садкоў, конкурсы для дзяцей і падлеткаў.

У 2021 годзе на хвалі ціску на грамадскія арганізацыі (у тым ліку аб'яднанні нацыянальных меншасцяў) "Мацеж" абвінавацілі ў незаконнай дзейнасці ў сферы адукацыі. А ў 2022-м і щвогуле ліквідавалі, налічыўшы ёй 300 тысяч рублёў штрафу і 500 тысяч рублёў нясплачаных падаткаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.