У меркаваным месцы захоўвання ядзернай зброі актыўна будуюць інфраструктуру — РС

Ракетны комплекс "Іскандэр"

Ракетны комплекс "Іскандэр"

На вайсковых аб'ектах пад Асіповічамі (Магілёўская вобласць) вядзецца актыўнае будаўніцтва. Тут дыслакуюцца ракетныя комплексы "Іскандэр", а таксама артылерыйская база боепрыпасаў, якую NYT і Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў называлі як меркаванае месца захоўвання расійскай ядзернай зброі.

Спадарожнікавыя здымкі аб'ектаў, зробленыя 24 лютага 2025 года, апублікавала Радыё Свабода. Выданне прааналізавала змены, якія адбыліся ў вайсковых часцях за два гады пасля таго, як Пуцін і Лукашэнка заявілі пра магчымасць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.

У вайсковай часці №12147 яшчэ ў 2022 годзе сталі будаваць новыя ангары, якія прызначаюцца для комплексаў "Іскандэр-М". Адзін ангар, як адзначае РС, можа змяшчаць у сабе адзін дывізіён пускавых установак. Агулам гаворка ідзе пра тры ангары — гэта азначае, што ў вайсковай часці можа размяшчацца поўная брыгада ракетных комплексаў. Акрамя ангараў з'явіліся будынкі для вайсковых машын і маёмасці, былі рэканструяваныя склад, адміністрацыйны будынак, з'явіўся спарткомплекс. Таксама на тэрыторыі ваеннага гарадка пабудавалі жыллё для вайскоўцаў.

На ваеннай базе 42707, дзе знаходзіцца 1405-я артылерыйская база боепрыпасаў, таксама вяліся будаўнічыя работы. Менавіта яе раней называлі магчымым месцам захоўвання ядзерных боегаловак. Паводле інфармацыі РС, на ўездзе ў арсенал былі рэканструяваныя будынкі, таксама былі пабудаваныя новыя казармы. У звестках пра дзяржаўныя тэндары журналісты знайшлі інфармацыю, што штат вайсковай часці павялічваецца да 240 чалавек. Таксама за последине два гады на тэрыторыі базы з'явіліся насыпы, на якіх могуць размяшчацца сістэмы СПА.

На спадарожнікавых здымках бачна, што да базы падводзяць асобную чыгуначную лінію, якая звязвае яе непасрэдна з Асіповічамі і месцам дыслакацыі "Іскандэраў". У дакеументах, выяўленых журналістамі, сцвярджаецца, што чыгунку будуюць у рамках праграмы Саюзнай дзяржавы "Удасканаленне аб'ектаў ваеннай інфраструктуры, якія плануюцца да сумеснага выкарыстання ў інтарэсах забеспячэння рэгіянальнай групоўкі войскаў (Сіл) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі2».

У адным з дадаткаў для праектаў РС выявіла пазнаку ўчастка для "ёднай прафілактыкі" ў размешчанай непадалёк вёсцы. Гэтая прафілактыка прызначаецца людзям, якія атрымалі апрамяненне.

Журналісты таксама знайшлі фатаграфію, на якой камандзір 1405-й базы віншуе сваіх падначаленых з днём заснавання вайсковай часці. На здымку можна пабачыць табло дазіметра на штабе базы. Былы вайсковец пракаментаваў журналістам, што наяўнасць такіх прыбораў не з'яўляецца незвычайным для артылерыйскіх арсеналаў, аднак пункт ёднай прафілактыкі — не распаўсюджаная практыка.

Радыё Свабода асобна падкрэслівае, што не мае доказаў захоўвання ядзернай зброі на 1405-й базе.

У меркаваным месцы захоўвання ядзернай зброі актыўна будуюць інфраструктуру — РС
Спадарожнікавыя здымкі / Радыё Свабода
У меркаваным месцы захоўвання ядзернай зброі актыўна будуюць інфраструктуру — РС
Спадарожнікавыя здымкі / Радыё Свабода
У меркаваным месцы захоўвання ядзернай зброі актыўна будуюць інфраструктуру — РС
Спадарожнікавыя здымкі / Радыё Свабода

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.