Адстаём ад суседзяў: чым беларусам пагражае нізкая прадукцыйнасць працы

Сварщик

Беларусь адстае па прадукцыйнасці працы: што гэта значыць для эканомікі і людзей / pixabay.com

Беларусь заняла 67-е месца ў свеце па прадукцыйнасці працы, згодна з абноўленымі дадзенымі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) за 2024 год. Сярэдні беларускі работнік вырабляе 31,5 міжнародных долара ў гадзіну — гэта ніжэй за ўсіх нашых суседзяў, акрамя Украіны. У Польшчы гэты паказчык складае 48,8 долара, у Літве — 54,7, а ў Расіі — 44,3 долара.

Сярод краін былога СССР вынікі для Беларусі таксама несуцяшальныя: нас апярэджваюць Казахстан (39 долараў) і нават Туркменістан (31,6 долара).

Лідарамі па прадукцыйнасці працы ў свеце сталі Люксембург (166 долараў у гадзіну), Ірландыя (139 долараў) і Нарвегія (123 долары). Беларусь адстае ад іх больш чым у пяць разоў.

Пустой кошелёк, бедность
Нізкая прадукцыйнасць працы стварае замкнёнае кола беднасці / pixabay.com

Больш высокая прадукцыйнасць працы ў Польшчы і Літве дазваляе тамтэйшым працадаўцам плаціць больш, што стымулюе адток працоўных кадраў з Беларусі.

Нізкая прадукцыйнасць працы ў нашай краіне робіць яе менш прывабнай для інвестыцый, запавольваючы рост эканомікі і даходаў насельніцтва. Усё ж такі інвестары не спяшаюцца ў Беларусь хутчэй з палітычных прычын і таму, што Аляксандр Лукашэнка зрабіў з краіны саагрэсара ў вайне, развязанай Расіяй супраць Украіны.

Нізкая прадукцыйнасць працы ўплывае і на прывабнасць беларускай прадукцыі за мяжой з-за яе высокага кошту і нізкай якасці. Скарачаецца экспарт, а значыць — зніжаецца прыток замежнай валюты ў эканоміку Беларусі.

Такім чынам, нізкая прадукцыйнасць працы стварае замкнёнае кола беднасці: нізкія даходы — значыць менш інвестыцый, а гэта цягне за сабой тэхналагічнае адставанне і яшчэ больш павольны рост заробкаў.

Беларусі неабходны маштабныя рэформы, пра якія эканамісты кажуць ужо больш за 10 гадоў. Без іх адставанне ад суседзяў будзе толькі павялічвацца, а ўзровень жыцця простых беларусаў — падаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі