Рост заробкаў у Беларусі апярэджвае прадукцыйнасць працы. Чаму гэта небяспечна
Заробкі растуць мацней, чым прадукцыйнасць працы
Рост рэальных заробкаў у Беларусі апярэджвае прадукцыйнасць працы. Атрымліваецца, плацяць больш, чым зарабляюць? Ці не?
Еўрарадыё высветліла, чаму з'явіўся такі разрыў, ці будзе ён павялічвацца і ці паўплывае на цэны, заробкі і інфляцыю. Спойлер: так, паўплывае.
“Будзе даволі балюча”
Старшая навуковая супрацоўніца аналітычнага цэнтра BEROC Анастасія Лузгіна тлумачыць гэтую небяспечную тэндэнцыю дэфіцытам працоўных кадраў.
— Недахоп працоўных рук можна адсачыць па колькасці незанятых вакансій і паказчыках беспрацоўя, якое знаходзіцца на ўзроўні 3%. Зыходзячы з гэтага, кошт выкананай працы расце — адсюль і рост рэальнай зарплаты. Пры гэтым прадукцыйнасць працы павялічваецца больш павольнымі тэмпамі. Кампаніі пачалі актыўна павышаць зарплату несувымерна павышэнню эфектыўнасці працы, перш за ўсё — менавіта праз дэфіцыт кадраў.
Калі разрыў захаваецца на цяперашнім узроўні ці павялічыцца, гэта ў першую чаргу адаб'ецца на фінансавых паказчыках кампаній.
— Лагічным вынікам гэтага было б перакладанне росту выдаткаў на цэны, але паколькі ў Беларусі яны рэгулююцца, сітуацыя прыводзіць да пагаршэння фінансавых паказчыкаў кампаній.
Экспертка адзначае, што праз кампактнасць беларускай эканомікі разрыў адрозніваецца ад вобласці да вобласці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.