Сталі вядомыя заробкі ў музцэнтры нявесткі Лукашэнкі
Гузель, Кулакова
Заробкі ключавых супрацоўнікаў у прадзюсарскім цэнтры "Музычная медыякапанія", які ўзначальвае нявестка Лукашэнкі, у шмат разоў перавышаюць сярэднія па краіне. Гэта выявілі журналісты-расследвальнікі "Бюро".
Генпрадзюсарам цэнтра з'яўляецца Ганна Лукашэнка, больш вядомая як аўтарка песень пад псеўданімам Ганна Сялук. Сама яна ў супрацоўніках кампаніі не значыцца і ніякага прыбытку нібыта не атрымлівае. Але кампанія спраўна пералічае ганарары топ-менеджарам — дырэктару Андрэю Гузелю і намесніку дырэктара Таццяне Кулаковай, роднай сястры Ганны Лукашэнка.
Андрэй Гузель працаваў канцэртным дырэктарам у беларускіх выканаўцаў Сашы Нэма і Ларысы Грыбалёвай, супрацоўнічаў з Аляксандрам Рыбаком і нават меў уласны прадзюсарскі цэнтр "Гранд м’юзік". Цяпер ён шукае новых зорак на дзяржпрадпрыемствах. За гэтую працу ў 2022 годзе Гузель атрымаў ад "Музычнай медыякампаніі" каля 31,5 тысячы рублёў.
У 2023 годзе заробак Гузеля пачаў расці. Ён атрымаў ад "Музычнай медыякампаніі" крыху больш за 94 тысячы рублёў. Заробак дырэктара з месяца ў месяц вагаўся ад 6162 да 9878 рублёў. Дарэчы, сярэдні заробак па Беларусі ў 2023 годзе складаў 1902 рублі.
Таццяна Кулакова, родная сястра Ганны Лукашэнка, зарабляла менш. За няпоўныя тры месяцы 2022 года яна атрымала ў "Музычнай медыякампаніі" трохі больш за 16 тысяч рублёў. Заробак Кулаковай за 2023 год склаў каля 79,5 тысячы рублёў. Яе аклад з месяца ў месяц змяняўся ад 4360 да 9878 рублёў. Атрымліваецца, што ў сярэднім за месяц яна зарабляла больш за сярэднестатыстычнага беларуса ў 3,5 разу.
"Музычная медыякампанія" належыць Палацу рэспублікі Упраўлення спраў Лукашэнкі (30%) і прыватнай кампаніі "АНСЛ прадакшн" (70%). Гэтая кампанія запісаная на Андрэя Урублеўскага (95%) — аднаго з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі. Расследвальнікі мяркуюць, што ён прыкрывае ўдзел у кампаніі жонкі свайго патрона.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.