У Беларусі зноў панізіўся сярэдні заробак
Грошы, ілюстрацыйнае фота
Сярэдні заробак за лістапад у Беларусі склаў 2 331,8 рубля, паведамляе Белстат. Гэта на 31,6 рубля менш, чым у кастрычніку.
Дарэчы, у кастрычніку сярэдні заробак павялічыўся на 49,5 рубля, а два папярэднія месяцы ён зніжаўся: у верасні — на 27,3 рубля, а ў жніўні — на 13,9 рубля. Перад тым некалькі месяцаў (ад лютага) заробак толькі рос.
Звесткі пра сярэдні заробак Белстат паведамляе да таго, як вылічваюць падаходны падатак (13%) і абавязковыя страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (1%).
Найбольшы сярэдні заробак за лістапад быў зафіксаваны ў Мінску — 3112 рубля да вылічэння падаткаў (у кастрычніку — 3 149,4 рубля). Самы нізкі сярэдні заробак у лістападзе быў у Магілёўскай вобласці — 1 958,9 рубля (у кастрычніку — 1 974,6 рубля).
Па сферах занятасці найбольшыя заробкі атрымалі ў галіне "інфармацыя і сувязь" — 5 770,9 рубля (у кастрычніку — 5 646,6 рубля). А найніжэйшыя заробкі — у тых, хто займаецца творчасцю, спортам, забаўкамі і адпачынкам (1676,7 рубля).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.