Кіроўца, які паказаў салон аўтобуса пасля экскурсіі гімназістаў, выдаліў відэа
Смецце ў салоне аўтобуса
Кіроўца, які паказаў салон аўтобуса пасля паездкі на экскурсію вучняў 3 класа мінскай гімназіі № 61, выдаліў відэа. Да гэтага яно сабрала ў TikTok мільён праглядаў. На відэа кіроўца прыбіраў салон ад смецця (быў нават пакінуты красовак, былі і мокрыя сядзенні) і эмацыйна каментаваў, заклікаў бацькоў і педагогаў "навучыць дзяцей культуры".
"Зараз кіроўцу гадзіну гэта ўсё прыбіраць, — гаварыў мужчына. — А пасля пытаюцца: а чаму кіроўцы злыя, чаму кіроўцы бухаюць… Таму што калі тут не бухаць, ты галавой паедзеш".
У гутарцы з minsknews.by кіроўца Эдуард кажа, што гэтым відэа "не хацеў нікога абразіць". У транспартнай кампаніі заявілі, што да гімназіі прэтэнзій не маюць, а "падобныя сітуацыі ўзнікаюць нярэдка". Той жа кіроўца пяць дзён запар прыбіраў салон аўтобуса пасля падобных экскурсій і ў яго "накіпела". Відэа ж выдалілі, каб "знізіць градус" грамадскага рэзанансу і "прадухіліць нейкія негатыўныя наступствы".
Дырэктарка 61-й гімназіі Ірына Леўкавец кажа, што не атрымлівала скаргаў на паводзіны навучэнцаў у грамадскім транспарце. Класныя кіраўнікі атрымалі загад больш увагі надаваць паводзінам дзяцей у грамадскім транспарце, а пасля паездкі "правяраць аўтобус і фатаграфаваць яго".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.