У Беларусі кіраўніка ліквідаванай партыі "Зялёныя" асудзілі на 6 гадоў калоніі

Дзмітрый Кучук / facebook.com

Дзмітрый Кучук / facebook.com

У Беларусі кіраўніка ліквідаванай партыі "Зялёныя" Дзмітрыя Кучука асудзілі на 6 гадоў калоніі. Таксама яго аштрафавалі на 20 тысяч рублёў, паведамляе "Парламенцкі канал".

Кучука затрымалі 16 лютага 2024-га каля расійскага пасольства ў Мінску. Ён прыйшоў туды, каб ускласці кветкі ў памяць пра памерлага расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Спачатку былі 30 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля распачалі крымінальную справу. Яе разглядаў Мінскі гарадскі суд (абвінавацілі ў "закліках да санкцый" і "ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак"). Прысуд вынесла суддзя Алена Шылько.

Беларускія праваабаронцы прызналі Дзмітрыя Кучука палітычным зняволеным.

Беларуская партыя "Зялёныя" ў 2020-м адмовілася ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. У лютым 2022 года яе кіраўнік ад імя партыі асудзіў напад РФ на Украіну. Мінюст у 2023-м прапаноўваў "Зялёным" самаліквідавацца, на што яны не пагадзіліся. Тады чыноўнікі ініцыявалі ліквідацыю апазіцыйнай партыі праз суд.

У 2023 годзе Кучука не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Падставай для адмовы стала абдрукоўка ў дакументах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі