Лідар ліквідаванай партыі "Зялёныя" не выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту
Дзмітрый Кучук
Лідар ліквідаванай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук не выйшаў на волю пасля 30 сутак арышту. Яго затрымалі 16 лютага ў Мінску пры спробе ўскласці кветкі каля пасольства Расіі ў дзень гібелі Аляксея Навальнага.
"Чакалі на волі ў нядзелю 17-га, бо ў гэты дзень сканчаліся 30 сутак адміністрацыйнага арышту, аднак дагэтуль ён не на свабодзе, — піша ў Facebook палітык Ігар Барысаў. — Родныя не ведаюць дзе і што з ім. Спадзяюся, што ўсё добра і хутка будзе на волі".
Летась Дзмітрыя Кучука не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Падставай для адмовы стала абдрукоўка ў дакументах.
Беларуская партыя "Зялёныя" ў 2020 годзе адмовілася ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах. У лютым 2022-га яе кіраўнік ад імя партыі асудзіў напад Расіі на Украіну.
Мінюст у 2023-м прапаноўваў "Зялёным" самаліквідавацца. Аднак партыйны з'езд быў запланаваны на студзень 2024-га, у парадак дня якога і збіраліся ўнесці згаданае пытанне. Чыноўнікаў такі варыянт не задаволіў. Яны ініцыявалі ліквідацыю апазіцыйнай партыі праз суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.