"Купалаўцы" рыхтуюць спектакль на аснове даносаў у КДБ
Купалаўцы, ілюстрацыйнае фота
Трупа "Вольныя Купалаўцы" рыхтуе новую пастаноўку на аснове даносаў, злітых у інтэрнэт "Кіберпартызанамі" пасля ўзлому сайта КДБ. Пра гэта актор Алег Гарбуз расказаў у інтэрв'ю Радыё "Свабода".
Паводле Гарбуза, цяпер выбіраюцца даносы са злітай базы КДБ, ёсць дамоўленасці па супрацоўніцтве з партнёрамі. Новы праект ён называе "бамбічным":
"Гэта мусіць быць такое вар’етэ, бурлеск, гэта буф, гэта нейкае рознакаляровае пер’е ў дупах. <…> Мяне задзяўбло тое, што мы са сваім ПТСР ужо не можам і нясем: "Вось мы, беларусы, мы такія няшчасныя, сматрыце, як мы хадзілі. Ох-ох-ох-ох". І прыходзяць такія беларусы [глядзець] і такія: "Ёпцель-мопцель, ізноў".
Актор хоча, каб твор быў займальным, цікавым і яркім.
"Вольныя Купалаўцы" — гэта аб'яднанне былых акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія пакінулі Беларусь пасля падзеяў 2020 года.
У красавіку 2024-га "Кіберпартызаны" ўзламалі сайт КДБ і выклалі ў інтэрнэт 40 тысяч паведамленняў, якія ведамства атрымала праз сайт за дзевяць гадоў. Сярод іх ёсць і даносы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.