"Поўныя надзеі на хуткія змены" — Каляднае віншаванне старшыні Рады БНР
Івонка Сурвіла
З'явілася Каляднае віншаванне старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы. "Жадаю, каб гэтыя Святы былі для Вас поўныя любові і надзеі на хуткія змены, — піша ў ім яна. — Прашу нованароджанага Сына Божага, каб вызваліў наш край і наш народ ад злачынцаў якія перанялі ўладу ў краіне ў свае рукі".
Сурвіла заклікае беларусаў "не пакідаць веры ў будучыню". "Толькі вера, што кашмар не вечны, што прыйдзе час, калі і яму прыйдзе канец, дазволіць нам дачакацца нашай вольнай дзяржавы, у якой і нам будзе дадзена “людзьмі звацца”!", — піша яна ў віншаванні. І дадае, што гэтая надзея дапамагае ёй жыць.
"Тым, хто быў змушаны пакінуць Бацькаўшчыну, скажу наступнае: памятайце хто Вы! — працягвае Івонка Сурвіла. — Якая-бы не была цяжкая эмігранцкая доля, памятайце пра зямлю сваіх продкаў. Так доўга як будзеце адчуваць сваю прыналежнасць да яе, ніякія цяжкасці Вас не перамогуць! Бо будзеце ведаць, што ёсць на гэтай зямлі Ваш “родны кут” і, нават у гэты нялюдзкі час, калі пагражае яму вялікая небяспека, ён усёж толькі ВАШ і заўсёды будзе толькі Ваш! Сіратой Вы ніколі не будзеце!".
У Калядні вечар старшыня Рады БНР заклікае беларусаў памаліцца за нашую Бацькаўшчыну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.