"Ваяваць ці ўцякаць": як Польшча рыхтуецца да вайны

Сувалкі

Сувалкі / @rubanau_collage

"Думаю, што нашая краіна, як і іншыя еўрапейскія краіны, гатовая да вайны. Гэтая сітуацыя пастаянна пад кантролем вайскоўцаў, і, калі нешта будзе адбывацца, мы будзем ведаць. А на правакацыі ў стылі "нешта будзе, бойцеся" мы не мусім рэагаваць", — кажа Еўрарадыё жыхарка Сувалак Анна.

Менавіта тут, паводле апублікаванага ў пачатку года інсайду выдання Bild, мусіла пачацца атака Расіі на Польшчу. Артыкул грунтаваўся на сакрэтных дакументах Мінабароны ФРГ. У ім гаварылася, што ў снежні 2024 года адбудзецца "штучна створаны памежны канфлікт" і "беспарадкі са шматлікімі ахвярамі". Пасля гэтага Расія фактычна "паўторыць уварванне 2014 года на ўсход Украіны на тэрыторыі NATO".

Адразу пасля выхаду таго артыкула Еўрарадыё ездзіла ў Сувалкі — даведацца, як горад і яго жыхары ўспрынялі прагноз нямецкага таблоіда. Цяпер мы зноў наведалі Сувалкі — бо на дварэ той самы снежань 2024-га. Ці гатовыя жыхары і ўлады горада да правакацый?

“Пагрозы як пастаянныя”

Анна жыве ў Сувалках пяты год. Займаецца музыкай, працуе настаўніцай англійскай, гадуе дзвюх дачок.

Год таму навіны пра "план Крамля" выклікалі ў жанчыны трывогу, але яна кажа, што стараецца гэтую трывогу "не карміць".

“Я аддаю перавагу таму, каб рабіць нешта рэальнае — ствараць з групай новыя песні ці неяк уплываць на сучаснасць. Калі б нешта адбылося, то як у звычайнай Ані ў мяне няма ўплыву на ваенна-палітычныя дзеянні. Усё, што я магу, — альбо ваяваць, альбо ўцякаць", — кажа Анна.

“Воевать или убегать”: как Польша готовится к войне
Анна

Здавалася б, лютаўскія інсайды пра магчымы напад мусілі выклікаць хвалю міграцыі з Сувалак. Але не, назіраецца адваротнае: сюды прыязджаюць людзі і прыходзяць інвестыцыі. Анна адзначае, што навінавая трывога не паўплывала на прыток турыстаў у рэгіён, хоць мясцовыя прадпрымальнікі ў разгубленасці праз пастаяннае нагнятанне сітуацыі.

Але гэта было актуальна летам, а цяпер снежань. Людзей на вуліцах Сувалак няшмат, у горадзе цямнее пасля 15-ці, але тут жа запальваецца калядная ілюмінацыя.

“Я адчуваю пагрозу з Усходу — з боку Расіі і Беларусі. Але мы нармальна тут жывём і працуем", — супакойвае дэпутат Сейма з Сувалак Яцак Нядзведскі, адказваючы на пытанне, што змянілася ў горадзе за апошні год.

Паводле журналісткі і эксперткі па Усходняй Еўропе Паўліны Сегень, тэма нападу на Сувалкскі калідор з'яўляецца ў польскіх СМІ ўжо шмат гадоў, і досыць рэгулярна:

“СМІ робяць тое, што ім здаецца патрэбным, у тым ліку ў камерцыйным сэнсе. Але самае важнае тут тое, што польскія ўлады ўспрымаюць пагрозы з боку Расіі як пастаянныя. І, вядома, яны гатовыя да гэтай сітуацыі”.

Паўліна падкрэслівае, што менавіта ў Польшчы, не толькі з 2022 года, але і раней, разумелі рызыкі, звязаныя з агрэсіўнай палітыкай Расіі — у бок і Украіны, і краін NATO.

Што робяць улады Польшчы

Жыхары Сувалак разыходзяцца ў меркаваннях, калі гаворка ідзе пра падрыхтоўку грамадзян да магчымых нападаў. Адны ходзяць на гарадскія сустрэчы, дзе расказваюць, што рабіць у выпадку ваенных правакацый, іншыя нават пра іх не чулі.

“Воевать или убегать”: как Польша готовится к войне
Вакзал у Сувалках

5 снежня польскі Сейм прыняў закон пра абарону насельніцтву і грамадзянскую абарону.

“У ім акрэсліваецца , што павінныя рабіць войска, пажарныя, мясцовыя ўлады, куды мусяць эвакуявацца людзі. Гэта поўны набор дзеянняў. Мы пра гэта забылі, бо жылі ў спакойны час. У 90-х не было пагроз, але вайна ва Украіне паказала, што трэба думаць пра бяспеку", — расказвае Яцак Нядзведскі.

Паралельна з гэтым Польшча актыўна працуе над іміджам арміі і прыцягненнем туды грамадзян. Нядзведскі адзначае, што цяпер туды актыўна рэкрутуюцца як мужчыны, так і жанчыны.

На думку Паўліны Сегень, польскія ўлады разумеюць, што вялікую і эфектыўную армію не пабудуеш на "чыстым патрыятызме".

"Гэты дух у палякаў ёсць, і я асабліва не перажываю наконт патэнцыйнай ваеннай сітуацыі, якой, спадзяюся, не будзе. Палякі будуць актыўна і эфектыўна абараняцца. Плюс дзяржава шмат укладвае ў тое, каб служба ў войску была прывабнай кар'ерай. Армія добра фінансуецца. Салдаты могуць разлічваць на многія прывілеі, недаступныя іншым службам, напрыклад паліцыі" (паводле розных падлікаў, у Польшчы не хапае каля 13 тысяч паліцэйскіх. — Рэд.).

Попыт на ўступленне ў рэзервы або праходжанне першай падрыхтоўкі заўважыла і нашая суразмоўніца Анна.

“Воевать или убегать”: как Польша готовится к войне
Крама ў Сувалках

"Мы павінныя ўзмацняцца — моцнае войска, сучасная зброя. Мы не хочам атакаваць, мы хочам падчас канфлікту добра абараняцца. Таму купляем новыя танкі, верталёты. Важна, каб мы гэта рабілі не толькі ў рамках NATO, але і ў ЕС, — кажа Яцак Нядзведскі. — Трэба ўсведамляць і не палохаць. Моцная армія ў структурах Еўрасаюза — гэта самае важнае для нашай абароны".

А як самі жыхары горада ўспрымаюць пагрозы Крамля і яго магчымую атаку?

"Думаю, Пуцін не рызыкаваў бы, але гэта ненармальны чалавек. Мы б дакладна гэтага не хацелі. Кожны хацеў бы жыць у міры, але, як той казаў, мір не дастаецца назаўжды. Трэба будзе ўцячы — уцячом, трэба будзе ваяваць — будзем ваяваць", — кажа суразмоўца Еўрарадыё.

"Мы ўсе жывём імавенасцю вайны — не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсёй Польшчы, бо пагрозы ідуць з усіх бакоў", — канстатуе жыхар Сувалак.

“Каб спакойна функцыянаваць, трэба ставіцца да гэтага спакойна. Проста спакойна. А што будзе? Цяжка сказаць", — адказвае яшчэ адзін мінак.

Пры падтрымцы “Медиасети”

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі