Пуцін не дапаможа: што значыць падзенне Асада для аўтарытарных рэжымаў

Банеры з выявай Башара Асада і Уладзіміра Пуціна ў Дамаску

Банеры з выявай Башара Асада і Уладзіміра Пуціна ў Дамаску / AP

Рэжым Башара Асада ў Сірыі, які ў апошнія гады падаваўся як ніколі стабільным, абрынуўся за два тыдні. Улада перайшла да ісламістаў, а Асад збег у Маскву. Аднак, здаецца, і там не чакалі такога імклівага краху. Да ўварвання ва Украіну Сірыя была галоўным ваенна-палітычным поспехам Крамля за мяжой, і нічога не прадказвала зменаў. Зрэшты, Расія пакуль захоўвае спакой, робячы выгляд, што нічога значнага не адбылося. Тым не менш відавочна, што падзенне Асада нанесла сур'ёзны ўдар па яе рэпутацыі як гаранта бяспекі для аўтарытарных рэжымаў. Цяпер многія з іх сумняваюцца, ці прыйдзе Масква на дапамогу, калі ўзнікне пагроза іх існаванню, піша выданне Newsmaker. 

Слядамі бацькі-дыктатара

Па ўзроўні жорсткасці Башара Асада параўноўваюць з яго бацькам, Хафезам Асадам, які да Асада-малодшага кіраваў Сірыяй амаль 30 гадоў. Ён быў генералам арміі і, захапіўшы ўладу ў 1971 годзе, усталяваў у краіне вайсковую дыктатуру. Асад-малодшы, наадварот, падаваўся мяккім, празаходнім інтэлектуалам. У палітыку ён трапіў выпадкова: пераемнікам Асада-старэйшага мусіў стаць яго сын Базіль, але ў 1994 годзе той загінуў у аўтакатастрофе. Башара, які вучыўся тады ў Лондане на афтальмолага, тэрмінова вярнулі дадому і пачалі рыхтаваць да прэзідэнцтва.

Пасля спадчыннага транзіту ўлады Асад-малодшы абвясціў курс на лібералізацыю эканомікі і палітыкі. У краіну вярнуліся апаненты рэжыму, выгнаныя за Хафезам Асадам. Гэты перыяд вядомы як "Дамаская вясна". Аднак рэформы раптам згарнулі, а нязгодных пачалі пераследваць і саджаць у турмы. Такі рэзкі адыход ад абяцанняў тлумачаць тым, што атачэнне бацькі Асада, якое працягвала працаваць на сына, патлумачыла яму: змены могуць прывесці да нестабільнасці і страты ўплыву алавітамі — рэлігійнай меншасцю Сірыі, да якой адносіўся і сам Асад. Яны баяліся страціць свае капіталы і ўладу. Башар зразумеў гэта і пагадзіўся. У выніку Сірыя вярнулася да жорсткага персаналісцкага аўтарытарызму.

Путин не поможет: что значит падение Асада для авторитарных режимов
Фота Башара Асада і Уладзіміра Пуціна / Reuters

"Вясна" Асада і Пуцін

Прэзідэнцтва Башара Асада супала з важнымі зменамі на Блізкім Усходзе. У 2011 годзе рэгіён ахапіла хваля народных бунтаў, якія сталі вядомымі як "Арабская вясна". Гэтыя пратэсты прывялі да зрынання шматгадовых рэжымаў у Тунісе, Егіпце і Лівіі і дакаціліся да Сірыі. Асад-малодшы быў ва ўладзе параўнальна нядаўна і лічыўся прадстаўніком новага пакалення палітыкаў. Тым не менш ён адразу выкарыстаў супраць пратэстоўцаў сілу. Жорсткасць уладаў толькі ўзмацніла незадаволенасць, і людзі працягнулі выходзіць на вуліцы. Беднасць, беспрацоўе, інфляцыя і аўтарытарызм сталі ключавымі прэтэнзіямі пратэстоўцаў да Асада.

Умяшанне Расіі ў сірыйскі канфлікт у 2015 годзе стала нечаканасцю, але даўно было зразумела, што "Арабская вясна" выклікала непакой у Маскве. Расійская прапаганда з самага пачатку сцвярджала, што пратэсты ў краінах Блізкага Усходу былі інспіраваныя Захадам. Аднак Крэмль не рабіў нічога нават пасля зрынання ў 2011 годзе рэжыму Муамара Кадафі ў Лівіі. Абураўся толькі Уладзімір Пуцін, які на той момант быў прэм'ер-міністрам.

Увод расійскіх вайскоўцаў у Сірыю адбыўся неўзабаве пасля вяртання Пуціна ў крэсла прэзідэнта. Ён абгрунтаваў гэта неабходнасцю абараніць легітымныя рэжымы і дапамагчы Асаду супрацьстаяць ісламістам. Пры гэтым важна разумець, што да моманту ўварвання ў Сірыю Расія ўжо акупавала Крым, справакавала вайну на Данбасе, а падтрыманыя ёю вайсковыя групоўкі ў зоне канфлікту збілі малайзійскі Boeing. У выніку Масква аказалася пад санкцыямі і была выключаная з "Вялікай васьмёркі". Такая сітуацыя не падабалася Крамлю, які цягам усяго пуцінскага кіравання фармаваў вобраз Расіі як вялікай дзяржавы, што ўплывае на лёсы свету.

Путин не поможет: что значит падение Асада для авторитарных режимов
Знішчэнне помнікаў пасля падзення рэжыму Асада ў Сірыі / АР

Гарант дыктатураў "на вагу золата"

Па выніках ваеннай аперацыі Масква размясціла ў Сірыі дзве вайсковыя базы: марскую ў Тартусе і авіябазу Хмеймім у правінцыі Латакія. Фармальна яны прызначаліся для барацьбы з тэрарыстычнымі групоўкамі, але таксама сімвалізавалі моц і ўплыў Крамля на Блізкім Усходзе, умацоўваючы яго прысутнасць у рэгіёне. Асад выстаяў, а Пуцін такім чынам нібыта вярнуў Расію ў клуб сусветных дзяржаваў.

"З дапамогай срыйскай аперацыі Пуцін вывеў Расію з посткрымскай ізаляцыі, вярнуў краіну на Блізкі Усход, дзе Масква страціла ўплыў пасля распаду СССР, і пачаў фармаваць вобраз дзяржавы, здольнай спыніць змену рэжыму і падтрымаць саюзніка ў любым пункце свету", — адзначае навуковы супрацоўнік Берлінскага цэнтра Карнэгі па вывучэнні Расіі і Еўразіі Аляксандр Баўнаў.

Прызнаўшы поспехі Расіі ў Сірыі, Турцыя, Ізраіль і арабскія краіны Персідскага заліва, з якімі ў Асада былі складаныя адносіны, спрабавалі аднавіць з ім дыялог праз Маскву. Але сірыйскі лідар адмаўляўся, патрабуючы спачатку спыніць падтрымку ісламістаў на паўночным захадзе краіны і дапамагчы вярнуць занятыя імі тэрыторыі пад кантроль Дамаска. Асад таксама не спяшаўся весці перамовы з тымі краінамі, якія ў пачатку "Арабскай вясны" патрабавалі яго адстаўкі. Нават пасля пачатку вайны ва Украіне, калі Расія стала страчваць цікавасць да Сірыі, Асад быў упэўнены, што Пуцін у любы момант прыйдзе на дапамогу.

Путин не поможет: что значит падение Асада для авторитарных режимов
Башар Асад на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным / AP

Зрэшты, упэўненасць Асада была цалкам абгрунтаванай. Сірыя стала для Расіі важным інструментам у прасоўванні сваіх інтарэсаў не толькі на Блізкім Усходзе, але і на глабальным поўдні — у краінах, якія развіваюцца і якія Масква спрабуе аб'яднаць пад сцягам антызаходніх ідэй. Пры гэтым Расія пазіцыянавала сябе як больш надзейнага партнёра, чым ЗША ці ЕС, гатовага падтрымліваць мясцовыя рэжымы, у тым ліку вайсковыя дыктатуры і хунты, не ўмешваючыся ў іх унутраныя справы.

Пасля Сірыі пачалася гісторыя поспеху наймітаў ПВК "Вагнер" Яўгена Прыгожына, якія, у абмен на доступ да прыродных рэсурсаў, дапамагалі ўтрымліваць уладу рэжымам у Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Малі, Эрытрэі, Судане і Зімбабвэ. Але калі рэжымам не ўдавалася выстаяць, Расія ахвотна прапаноўвала новым уладам свае паслугі па гарантаванні бяспекі.

Цяпер Крэмль спрабуе праз Турцыю, якая, у адрозненне ад многіх іншых краін, падтрымлівае добрыя кантакты з ХТШ, пераканаць групоўку захаваць расійскія вайсковыя базы нібыта для гарантавання ўжо іх бяспекі. Расійская прапаганда таксама змяніла рыторыку, перастаўшы называць ХТШ [Хаят Тахрыр аш-Шам — ісламіцкая групоўка, якая захапіла ўладу ў Турцыі. — Рэд.] тэрарыстамі і цяпер карэктна называе іх "узброенай апазіцыяй Сірыі". У пасольстве Сірыі ў Маскве ў першыя ж дні знік сцяг старых уладаў, і яго замянілі на сцяг сірыйскай апазіцыі.

Аднак нягледзячы на спробы Крамля дэманстраваць спакой, падзенне рэжыму Асада стала сур'ёзным ударам па яго рэпутацыі. "Расія страціла сваю адзіную гісторыю поспеху сілавога ўмяшання ў далёкім замежжы. Яна зноў стала краінай, якая з усіх сіл змагаецца дзесьці ва Украіне, далёка ад сусветных шляхоў. Сірыя перастала быць важнай, і буды ўплыў Расіі цяпер вырашаецца не ў Пальміры, а ва ўкраінскім Ваўчанску ці Херсоне", — лічыць Аляксандр Баўнаў.

На думку ўсходазнаўцы Руслана Сулейманава, хуткае падзенне Асада прымусіць многія краіны Глабальнага Поўдня сумнявацца ў Расіі як у надзейным партнёру і гаранце бяспекі. Аднак, не маючы лепшых альтэрнатыў, большасць гэтых краін, імаверна, застанецца з Крамлём і працягне спадзявацца на яго дапамогу. "Выбар у аўтарытарных рэжымаў невялікі. Наўрад ці хтосьці, акрамя Расіі, будзе гатовы іх абараніць, калі ўласных сіл акажацца недастаткова", — мяркуе эксперт.

Што да будучыні Сірыі пры новай уладзе ісламістаў з ХТШ, эксперты раяць не спяшацца з прагнозамі.

Путин не поможет: что значит падение Асада для авторитарных режимов
Паўстанцы зрываюць банер з Башарам Асадам пасля падзення яго рэжыму / EPA-EFE

"Ісламісты могуць хутка захапіць уладу, але ў доўгатэрміновай перспектыве ім цяжка будзе яе ўтрымаць. Іх ідэалогія не забяспечвае эфектыўнага дзяржаўнага кіравання. Акрамя таго, яны не гатовыя хутка адмовіцца ад сваіх рэлігійных поглядаў і мадэрнізавацца, нягледзячы на любыя заявы. У іх няма часу і рэсурсаў для такіх зменаў, а калі іх пачаць, то гэта непазбежна прывядзе да страты прыхільнікаў. А без іх улада ісламістаў пратрымаецца яшчэ менш", — адзначае таджыкскі рэлігіязнаўца і эксперт па супрацьдзеянні гвалтоўнаму экстрэмізму Рустам Азізі.

Ён бачыць праблему і ў тым, што міжнародныя арганізацыі і развітыя краіны Захаду размываюць паняцці "тэрарыст" і "экстрэміст": "Талібы ў Афганістане шмат гадоў лічыліся тэрарыстамі, але цяпер многія краіны ўспрымаюць іх як "нармальных хлопцаў". ХТШ таксама лічыліся тэрарыстамі, а цяпер іх выключаюць са спісу небяспечных арганізацый".

На думку Рустама Азізі, такая блытаніна перашкаджае краінам, якія развіваюцца, падтрымліваць адзіны антытэрарыстычны парадак дня. Тым больш што раней яны, як правіла, арыентаваліся на досвед развітых краін падчас фармавання сваіх стратэгій. "Такое жангляванне паняццямі наўрад ці зробіць свет больш бяспечным", — рэзюмуе эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі