Польшча абмежавала права падаваць на мяжы хадайніцтвы аб міжнароднай абароне

На польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На польскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / x.com/Straz_Graniczna

Польшча часова абмежавала права падаваць на беларускай мяжы хадайніцтвы аб міжнароднай абароне. Забарона ўводзіцца з 27 сакавіка на 60 дзён.

Адпаведную пастанову прыняў урад Польшчы. Напярэдадні адпаведны закон падпісаў прэзідэнт краіны. Каментуючы ўвядзенне забароны, міністр унутраных спраў і адміністрацыі Томаш Сямоняк у сацсетках патлумачыў яе так: "Пастанова дае супрацоўнікам памежнай аховы адзін з ключавых інструментаў для барацьбы з нелегальнай міграцыяй, якая з'яўляецца элементам гібрыднай агрэсіі супраць Польшчы, а таксама для барацьбы з міжнароднай злачыннасцю".

Забарона не закране ўразлівыя катэгорыі просьбітаў прытулку. Падаваць хадайніцтвы змогуць, у прыватнасьці, цяжарныя жанчыны, непаўналетнія без апекі ды асобы, якія маюць патрэбу ў асаблівым абыходжанні.

Падоўжыць забарону можна будзе яшчэ на 60 дзён са згоды Сейма.

На іншых межах Польшчы па-ранейшаму можна будзе хадайнічаць аб прадастаўленні міжнароднай абароны.

Мігранцкі крызіс на межах Беларусі з краінамі Еўрасаюза цягнецца з вясны 2021 года. Заходнія палітыкі вінавацяць рэжымі Лукашэнкі ў арганізацыі гэтага крызісу і называюць яго формай гібрыднай агрэсіі. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.