У Беларусі вайскоўцы адпрацоўвалі спыненне прарыву праз мяжу

Вучэнні на палігоне "Гожскі" / t.me/modmilby/
У Беларусі вайскоўцы адпрацоўвалі спыненне прарыву "падраздзяленняў умоўнага праціўніка" праз мяжу. Паводле легенды, яны прасоўваліся ўглыб краіны. У вучэннях былі задзейнічаны мотастралковыя падраздзяленні пры падтрымцы артылерыі і беспілотнікаў. Адбываліся яны на Гожскім палігоне (знаходзіцца ў 15 км ад мяжы з Літвой і ў 20 км ад мяжы з Польшчай).
Як паведамляе Мінабароны, гэта быў этап праверкі боегатоўнасці Узброеных сіл з баявой стральбой. За ім на месцы назіраў дзяржсакратар Савета бяспекі РБ Аляксандр Вальфовіч.
"Створана батальённая тактычная група механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання, якая была прыведзена ў названыя тэрміны ў баявую гатоўнасць, — расказваў генерал Вальфовіч. — Батальён здзейсніў марш у раён палігона, дзе атрымаў задачу адбіць раптоўны пераход дзяржаўнай мяжы праціўнікам, нанесці яму агнявое паражэнне і ажыццявіць пераслед, знішчэнне і выхад на дзяржаўную мяжу".
Паводле слоў дзяржсакратара Савета бяспекі, падчас вучэнняў выкарыстоўваецца досвед вайны ва Украіне. Правяраецца не толькі наяўнасць беспілотнікаў у падраздзяленнях, але і тое, як вайскоўцы могуць іх выкарыстоўваць і ўмеюць ад іх абараняцца. Аляксандр Вальфовіч нагадаў, што "створаны пэўныя падраздзяленні ў кожным механізаваным батальёне менавіта па супрацьдзеянні і прымяненні беспілотных лятальных сродкаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.