"Рэкамендацыі не мяняліся" — у Літве пракаментавалі ўдзел зборнай РБ у Еўра-2026

Футзал, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
"Рэкамендацыі для нацыянальных спартыўных федэрацый і спартыўных арганізацый, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, навукі і спорту Літоўскай Рэспублікі ў лютым 2023 года па адносінах з Расіяй і Беларуссю, застаюцца нязменнымі".
Так літоўскі бок адказаў на запыт "Трыбуны" наконт магчымага ўдзелу беларускай зборнай па футзале ў фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы 2026 года. Беларускія спартоўцы (як і расійскія) застаюцца пад санкцыямі.
"Міністр рэкамендуе літоўскім спартовым федэрацыям і спартовым арганізацыям не ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах, на якія запрашаюцца і ўдзельнічаюць расійскія і беларускія спартоўцы і каманды, якія прадстаўляюць сваю краіну або прымаюць удзел у якасці нейтральных спартоўцаў", — гаворыцца ў адказе літоўскага міністэрства.
Таксама Літва з траўня 2023 года перастала выдаваць візы грамадзянам Беларусі і Расіі. "У гэтым законе няма выключэнняў для выдачы віз грамадзянам Расіі і Беларусі, якія жадаюць прыняць удзел у міжнародных спартовых спаборніцтвах у Літве", — падкрэсліваюць у адказе. Таксама літоўскі бок нагадвае, што грамадзяне РФ, якія маюць шэнгенскія візы, выдадзеныя іншымі краінамі, могуць атрымаць адмову ва ўездзе ў Літву.
Чэмпяінат Еўропы па футзале 2026 года павінен прайсці з 18 студзеня па 8 лютага 2026 года ў Латвіі і Літве.
Калі ў Літве не рэкамендуенцца ўдзельнічаць у турнірах з прадстаўнікамі Беларусі і Расіі, то ў Латвіі забарона прынятая на заканадаўчым узроўні.
Дарэчы, у фінальную стадыю Еўра-2026 выйшла таксама каманда з Украіны. Там закон забараняе ўдзельнічаць у адных спаборніцтвах з беларусамі і расіянамі, якія не маюць нейтральнага статусу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.