“Ніякага піетэту перад царквой і касцёлам”. Рэпрэсіі супраць хрысціян нарастаюць

Жанчыны ўтвараюць жывы ланцуг перад касцёлам святых Сымона і Алены ў Мінску, 27 жніўня 2020 года / CNS / Reuters / Vasily Fedosenko
Напярэдадні свайго 65-годдзя каталіцкі святар Генрых Акалатовіч, якога асудзілі на 11 гадоў за “здраду дзяржаве”, перадаў з-за кратаў пасланне: “У маёй справе няма ні слова праўды”.
Абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Польшчы і Ватыкана, святар заяўляе, што стаў ахвярай палітычнага пераследу — не толькі як грамадзянін, але і як прадстаўнік Каталіцкай царквы.
Прысуд Акалатовічу — сведчанне таго, як рэжым працягвае ўжываць рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій. Еўрарадыё згадвае, як улады працягваюць пераслед вернікаў.
Прысуды і “экстрэмісцкія” статусы
Цягам першых трох месяцаў 2025 года ў Беларусі фіксуецца новая хваля рэлігійных рэпрэсій. Пра гэта сведчыць маніторынг, які штомесяц выпускае ініцыятыва “Хрысціянская візія”.
Адным з яскравых прыкладаў пераследу можна назваць крымінальную справу Даніэля-Ландсея Кейты — спевака хору мінскага прыходу Усіх Святых. Яго абвінавачваюць паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Суд праходзіць у закрытым рэжыме.
Таксама пад вартай застаецца ксёндз Анджэй Юхневіч, настаяцель каталіцкага храма ў Шуміліне. Ягоная справа суправаджаецца цяжкімі абвінавачаннямі, якія, паводле праваабаронцаў, выкарыстоўваюцца як сродак ціску. Раней яму пагражалі сфабрыкаванымі абвінавачаннямі за адмову супрацоўнічаць са следствам.
Уключаюць вернікаў і ў так званыя “экстрэмісцкія спісы”. У сакавіку сілавікі прызналі праваслаўнага святара Аляксандра Кухту ўдзельнікам “экстрэмісцкага фарміравання”, а яго папулярны хрысціянскі блог “Batushka ответит” — часткай дэструктыўнай арганізацыі.
У студзені экстрэмісцкімі былі прызнаныя акаўнты партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, нягледзячы на іх мінімальную актыўнасць і відавочна грамадзянскі, а не радыкальны, характар.
Рэпрэсіі закранаюць і зняволеных. Прапаведнік Мікалай Хіла, асуджаны на 4 гады, быў уключаны ў спіс “экстрэмістаў”. Ягоная справа выклікала рэакцыю Еўрапейскага саюза, прадстаўнікі якога запатрабавалі яго неадкладнага вызвалення.
Католік Мікіта Емяльянаў, які адбывае ўжо шосты год зняволення, ізноў атрымаў дадатковы тэрмін па артыкуле 411 крымінальнага кодэксу за непадпарадкаванне. У турме яму неаднаразова адмаўлялі ў духоўнай падтрымцы і наведванні святароў.
Не слабее ціск і на каталіцкіх святароў. У лютым на мяжы быў затрыманы ксёндз Дзмітрый Малец — за падпіскі на “экстрэмісцкія” рэсурсы ў тэлефоне. Яго асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула.
Яшчэ адным трывожным сігналам стаў пераход справы былога іераманаха Аляксандра Тарасенкі — ад адміністрацыйнага арышту да крымінальнага пакарання за "абразу прэзідэнта".
Міжнародная супольнасць актыўна рэагуе на рэпрэсіі супраць цэркваў. Канферэнцыя еўрапейскіх цэркваў, якая аб’ядноўвае сотні мільёнаў вернікаў, выказала заклапочанасць лёсам хрысціянаў у Беларусі.
У Ватыкане абмяркоўваюцца справы святароў, што падвергліся пераследу. Арганізацыя Forum 18, а таксама заходнія СМІ, уключаючы Christian Network Europe News, асвятляюць сістэматычныя парушэнні свабоды сумлення.
Назапашвальны эфект рэпрэсій
Хоць рэпрэсіі супраць хрысціян відавочныя, сказаць, ці пачалася новая хваля пераследу, цяжка. Пра гэта кажа тэалагіня і праваабаронца Наталля Васілевіч.
“Я скажу так — рэпрэсіі развіваюцца хвалямі, то змяншаюцца, то інтэнсіфікуюцца, але важней тое, што ад іх адчуваецца назапашвальны эфект.
Усё больш людзей трапляюць пад рэпрэсіі, яны разыходзяцца коламі, усё больш людзей вымушаныя з'язджаць. І гэта вельмі моцна б'е па супольнасці ўнутры краіны. І чым далей, тым меней становіцца інструментаў даведвацца пра рэпрэсіі.
Людзі стараюцца іх хаваць — у тым ліку і таму, што ідзе працэс перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый, таму пераследаваныя стараюцца не прыцягваць лішняй увагі да сябе і сваёй супольнасці. Таксама была закрыта база судовых рашэнняў і стала цяжэй адсочваць выпадкі пераследу”.
У грамадстве існуе перадузятасць, што ўлады ставяцца прыязна да праваслаўных і больш ціснуць на католікаў, пратэстантаў і іншыя канфесіі.
Васілевіч з такім меркаваннем не згодная.
“Гэты эфект дасягаецца тым, што праваслаўных нашмат больш па колькасці, таму іх па-першае, складаней усіх праверыць, гэта большы аб'ём працы. А па-другое, затрыманні адзінкавых святароў не адбіваюцца такім моцным чынам на супольнасці ў цэлым, у той час як маленькая грэка-каталіцкая царква, у якой святароў менш за пару дзясяткаў, церпіць прапарцыйна нашмат больш. Нават калі рэпрэсіі ці іх пагроза закранаюць нават аднаго святара.
Улады імкнуцца пераследваць любых рэлігійных дзеячаў, пра каго ёсць падазрэнне ў нелаяльнасці, і імунітэту няма ні ў кога.
У сілавікоў няма ніякага піетэту ні перад каталіцкім ксяндзом, ні перад праваслаўным святаром. І аднаго, і другога могуць катаваць, здзекавацца з іх, прыніжаць”, — падсумоўвае экспертка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.