"Мы табе гаварылі не піярыцца". Палітвязень пра тое, за што трапляў у ШІЗА

Андрэй Аўсіевіч

Андрэй Аўсіевіч / @rubanau_collage

Напярэдадні дня нараджэння палітвязні казалі: ну вось, заўтра ў ШІЗА паеду. Як толькі праваабаронцы ці журналісты пісалі пра палітвязня на яго дзень нараджэння, прыходзіла адміністрацыя і адводзіла гэтага чалавека ў штрафны ізалятар.

Пра гэта нам расказвае Андрэй Аўсіевіч. Ён правёў у калоніі больш за тры гады, і цяпер спрабуе пачаць новае жыццё ў Варшаве — самастойна асвойвае 3D-дызайн. Калі Андрэй вызваліўся, яго ўразіла, як за тры гады змяніўся свет (ірвануў у развіцці штучны інтэлект). І як змянілася Беларусь (на вуліцах стала больш смецця і шмат камер назірання).

Дапамагчы герою публікацыі на BySol.

 

"Я выдыхнуў падчас затрымання"

Андрэй не здзівіўся жнівеньскім пратэстам у 2020-м годзе. Кажа, у паветры вісела нейкая безнадзея, вось яна і вылілася на вуліцы. Як толькі ён адслужыў у войску і пачаў шукаць працу ў Горадні, прынялі дэкрэт аб дармаедстве.

З'явіўся велізарны прыток рабочых, якія раней працавалі ў цені і пачалі шукаць легальныя працоўныя месцы. Сам я тады пайшоў вучыцца на фуру ў міжнародныя перавозкі.

І наш выкладчык казаў, што ў яго ўвесь час з'яўляюцца новыя вучні ў момант крызісу. Як толькі ў краіне нешта адбываецца, усе прыходзяць атрымліваць катэгорыю і з'язджаюць працаваць у Еўропу, — расказвае нам Андрэй.

Андрэй хадзіў на мітынгі ў Гродне ў пачатку жніўня, але не думаў, што гэта можа абярнуцца калоніяй. Гэта і не мусіла абярнуцца калоніяй, але Андрэй зрабіў нешта яшчэ: у каментарах папрасіў пазбавіць візы дачку мінскага генерала, якая тады вучылася ў Польшчы.

Ужо калі Андрэя затрымалі, адзін з сілавікоў сказаў яму, што калі б не было таго каментара, маладога чалавека і шукаць бы не сталі.

І ўрэшце мне далі 3,5 года калоніі. Думаю, далі таму, што трэба было даць — таму што была "замова". Калі я стаяў у "акварыуме" ў зале суда, перад пасяджэннем у памяшканне зайшлі два нейкія падпалкоўнікі. Яны глядзелі на мяне і перагаворваліся: маўляў, гэты? Так, дакладна, гэта ён. Хутчэй за ўсё, гэта людзі ад таго самага генерала — напэўна, прыйшлі праверыць, — мяркуе Андрэй.

“Мы тебе говорили не пиариться”. Политзаключённый о том, за что попадал в ШИЗО
Андрэй Аўсіевіч

Ні пра тую дзяўчыну з польскай візай, ні пра яе сям'ю Андрэй нічога не ведае. Ці жыве яна дагэтуль у Польшчы? Ці вучыцца тут? Нічога невядома, ды і таго каментара ў сетцы ўжо даўно няма.

Калі мяне ўзялі, я падумаў: ну, вось і ўсё. Не было ані страху, ані панікі. Як быццам я гэтага чакаў. Можна сказаць, выдыхнуў падчас затрымання.

 

"Заўтра дзень нараджэння, калі пра мяне напішуць — паеду ў ізалятар"

Пакуль размаўляем з Андрэем, мацней за ўсё кідаецца ў вочы, што ён ні на што не скардзіцца. Нават на калонію. Кажа, калі б там не было саміх супрацоўнікаў калоніі, гэта былі б цалкам прымальныя тры гады ў зняволенні.

Самае цяжкае ў калоніі — гэта холад і праца ў прамзоне. Ты працуеш у вельмі дрэнных умовах — у гразі, у маленькім душным памяшканні, без магчымасці памыцца. А зімой гэта маленькае памяшканне яшчэ і вельмі халоднае. І ўся твая праца ніяк не аплачваецца. Могуць даць да трох рублёў у месяц — прытым, што фізічна ты праўда выкладваешся.

А ў саміх атрадах умовы больш-менш. Рамонт там быў, ды і ложкі-матрацы не сказаць, што дрэнныя. Так, там няма цёплай вады, яе можна нагрэць у чайніку. Можна нават памыцца цёплай вадой і памыць нешта. А пасля нават купілі пральную машыну, і можна было нармальна сціраць рэчы.

“Мы тебе говорили не пиариться”. Политзаключённый о том, за что попадал в ШИЗО
Цытата з ліста Андрэя Аўсіевіча

Напэўна, я бачыў няшмат людзей, якія вельмі ўжо негатыўна ставіліся да таго, што пра іх пішуць. Але так, перад днём нараджэння бывала казалі: о, заўтра пра мяне ўспомняць і напішуць — хутчэй за ўсё, паеду ў ізалятар.

Напэўна, у іх ёсць нейкі план, які прыходзіць зверху. І калі гэты план спускаюць, яны прыходзяць у атрад і пытаюцца: хто ў вас тут моцна касячыць з палітычных? Таго ў першую чаргу і закрываюць. Але калі ты не вельмі публічная асоба і не "касячыш", цябе чапаюць мінімальна.

А калі ты праваабаронца, журналіст ці па нейкіх страшных для іх артыкулах сядзіш, то яны могуць і не пытацца, хто касячыць, а проста прыходзяць за табой. Таму што проста ў цябе артыкул такі.

 

Паказвалі "Опенгеймера" і фільмы "Марвел"

У калоніі Андрэй паглядзеў "Опенгеймера" — фільм пра стваральніка ядзернай бомбы, які выйшаў у 2022 годзе.

У кожным атрадзе стаялі тэлевізары, па іх ішоў спецыяльны "зонаўскі" канал. І ў гэты тэлевізар загружаліся ўсе навінкі фільмаў. На самой справе паказвалі ўсе навінкі — я ўжо цяпер усе не прыпомню, але і марвелаўскіх фільмаў мы шмат паглядзелі.

А па выхадных кіно паказвалі ў актавай зале. Там жа паказвалі тэатральныя пастаноўкі. Але "палітычным" спярша нельга было хадзіць у актавую залу, і іх пакідалі сядзець у атрадах.

А потым адміністрацыя падумала: а што гэта яны адпачываюць у сябе ў атрадах, трэба адправіць іх усіх на які-небудзь канцэрт! І ўсе палітычныя сталі хадзіць на канцэрты ў актавай зале. Потым адміністрацыя заўважыла: ім падабаюцца канцэрты! І вырашыла зноў забараніць палітычным хадзіць у актавую залу. Правілы пастаянна мяняліся.

Часам у актавую залу прыязджалі з лекцыямі, часам калонію наведвалі музыкі. Часам заязджалі спартсмены пагуляць з вязнямі ў футбол.

У вольны час Андрэй чытаў, маляваў, пісаў і глядзеў фільмы, пакуль адміністрацыя калоніі не вырашала, што палітвязням падабаецца глядзець фільмы і, такім чынам, трэба пазбавіць іх гэтай магчымасці.

Адзінае, што там добра — там сабралі вельмі шмат добрых людзей, з якімі можна пагаманіць. І ад гэтага станавілася лягчэй.

Нейкі час у мясцовай бібліятэцы можна было знайсці нават кнігі Джорджа Оруэла!

Была пацешная гісторыя: чалавек чытае Оруэла — пра тое, як перапісваецца гісторыя, як хлусяць у газетах... Потым кажа: ай, надакучыла чытаць. Адкладае кніжку, дастае газету "Беларусь Сегодня", пачынае чытаць... "Ды блін, я ж толькі што тое самае ў кніжцы чытаў!" Адклаў газету і пайшоў.

Гісторыя Андрэя Аўсіевіча

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі