Палітзняволеная Канавалава расказала, як яе вербавалі пасля вызвалення

Антаніна Канавалава

Антаніна Канавалава / "Альянс расследавальнікаў Беларусі"

Пасля вызвалення з калоніі экс-палітзняволеную Антаніну Канавалаву спрабавалі завербаваць. Пра гэта яна расказала пасля свайго выезду з Беларусі.

Канавалава была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай падчас выбараў 2020 года. У верасні таго ж года яе затрымалі, а потым асудзілі на пяць з паловай гадоў. Жанчына выйшла ў студзені 2024-га па памілаванні. Днямі яна пакінула Беларусь і нарэшце сустрэлася з дзецьмі, якіх не бачыла з верасня 2020-га. Пасля арышту Антаніны яе маці вывезла ўнукаў з Беларусі.

У інтэрв'ю "Альянсу расследвальнікаў Беларусі" Канавалава расказала, што праз некалькі сутак пасля выхаду на волю яе запрасілі ў ГУБАЗіК на вуліцы Рэвалюцыйнай, 3 у Мінску.

"Яны мне задавалі пытанні: "Ці памянялі вы свае погляды?". Вядома, я ім казала, што памяняла. Мне трэба было зрабіць усё для таго, каб яны мне паверылі. Я ім казала пра тое, што мае дзеці вернуцца ў Беларусь. Хаця я ўжо ведала, што яны не вернуцца", — згадвае былая палітзняволеная.

Пасля вызвалення Канавалава не магла ўладкавацца на працу: "Цябе не існуе ў Рэспубліцы Беларусь, калі ты знаходзішся ў "экстрэмісцкім" і "тэрарыстычным" спісах. Ты не можаш аформіць банкаўскую картку, не можаш зрабіць сабе зарплатную картку, пры гэтым з цябе патрабуюць, каб ты ўладкаваўся на працу. Ты не можаш аплачваць камунальныя паслугі, ты не можаш даслаць пасылку або атрымаць пасылку ці бандэроль".

У ГУБАЗіКу ёй сказалі, што дапамогуць уладкавацца на працу. І хаця  Канавалавай не прапаноўвалі падпісваць ніякія дакументы, яна адмовілася ад прапановы: "Яны ўладкоўваюць на які-небудзь з заводаў. Ты пачынаеш на іх працаваць. І гэты чалавек даведваецца настрой супрацоўнікаў, якія там працуюць".

Таксама сілавікі прапаноўвалі дапамогу ў вяртанні дзяцей у краіну. Яны казалі, быццам яе дзеці знаходзяцца ў закладніках за мяжой.

Сілавікі яшчэ чатыры разы сустракаліся з экс-палітзняволенай. Як кажа Канавалава, яе "распрацоўвалі для таго, каб у далейшым супрацоўнічаць". Калі пабачылі, што супрацоўнічаць яна не хоча, ёй сталі пагражаць новым тэрмінам за ўдзел у пратэстах. Жанчына кажа, што яна не падпісвала ніякіх папер і неўзабаве пакінула Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі